У сувязі з тым, што рэжым у Беларусі ўзмацніў рэпрэсіі супраць незалежных грамадскіх ініцыятываў і дэмакратычных асобаў, Вольны Беларускі Ўніверсітэт (ВБЎ) лічыць неабходным звярнуцца да Вас з важнай інфармацыяй. У першую чаргу гэта датычыцца ўдзельнікаў з Беларусі і тых, хто наведвае Беларусь.
Просім выконваць наступныя рэкамэндацыі для бясьпечнага ўдзелу ў курсах:
- Заўсёды выкарыстоўвайце надзейныя VPN-сэрвісы: Гэта дапаможа вам схаваць свой сапраўдны IP-адрас і абыйсьці магчымыя блакіроўкі доступу да нашых рэсурсаў зь Беларусі.
Спіс і параўнаньне папулярных VPN з высокай рэпутацыяй знойдзеце тут. - Стварайце ананімныя электронныя скрыні: Рэгіструйцеся на курсах з дапамогай e-mail, якія не зьмяшчаюць вашых асабістых даных. Пазьбягайце адкрываць падазроныя лісты або спасылкі ад невядомых адпраўнікаў. Не захоўвайце аўтаматычны ўваход на такую пошту са сваіх прыладаў і выдаляйце cookies і кэш-памяць. Лагавацца толькі праз опцыю ананімнага наведваньня ў браўзэры.
- Выкарыстоўвайце псэўданімы: Падчас камунікаваньня ў рамках курсаў і Форуму карыстайцеся псэўданімамі, каб захаваць ананімнасьць.
Каб захаваць ананімнасьць на пляцоўцы Moodle, вы можаце самастойна зьмяніць свае асабістыя даныя. Для гэтага знайдзіце ў верхнім правым куце сваё імя або аватар, націсьніце на іх і выберыце "Профіль". У разьдзеле профілю перайдзіце ў "Рэдагаваць профіль", унясіце неабходныя зьмены і націсьніце "Абнавіць профіль". - Па прачытаньні выдаляйце атрыманыя ад нас мэйлы з электроннай паштовай скрынкі і кошыку.
- Абнаўляйце праграмнае забеспячэньне: Своечасова абнаўляйце вашыя прылады і праграмы для забеспячэньня максімальнай абароны.
Просім усіх заставацца пільнымі і дакладна выконваць правілы інфармацыйнай бясьпекі. Пра любыя падазроныя выпадкі паведамляйце нашай камандзе.
З павагай,
Каманда Вольнага Беларускага Ўнівэрсытэту