Місія і мэты
БАЧАННЕ БУДУЧЫНІ
Вольны Беларускі Ўніверсітэт працуе дзеля будучыні, у якой:
- Выпускнікі ВБЎ удзельнічаюць у працэсе рэфарамавання беларускага грамадства на падставе еўрапейскіх каштоўнасцяў;
- Досвед ВБЎ спрыяе пераўтварэнню Беларусі ў лідара ў сферы адукацыі;
- Беларуская мадэль трансфармацыі становіцца узорам для рэгіёну і свету і выкарыстоўваецца ў розных краінах;
- Адбываецца нацыянальнае адраджэнне, беларусы здольныя узаемадзейнічаць з цывілізаваным светам на роўных.
У гэтай будучыні Вольны Беларускі Ўніверсітэт — гэта устойлівая і дынамічная адукацыйная платформа, інтэграваная ў сусветную адукацыйную прастору. ВБЎ ладзіць сінхронныя і асінхронныя курсы па розных тэмах, уключаючы магістарскія праграмы MBA і MPA. Выпускнікі ВБЎ не толькі атрымліваюць дыпломы, але і маюць магчымасці для далейшага развіцця праз стажыроўкі, навуковыя даследаванні і акадэмічныя праграмы ў міжнародных партнёрскіх установах.
Развіццё ўніверсітэта грунтуецца на сетцы партнёрстваў з вядучымі адукацыйнымі і навуковымі цэнтрамі. Фінансавая стабільнасць з'яўляецца ключавым элементам устойлівага росту ВБЎ, дазваляючы пашыраць адукацыйныя ініцыятывы і падтрымліваць прафесійную каманду супрацоўнікаў і выкладчыкаў.
КАШТОЎНАСЦІ
ВБЎ стварае прастору, заснаваную на наступных каштоўнасцях:
- Чалавечая годнасць і правы чалавека – кожны чалавек варты павагі, роўнасці і свабоды, а адукацыя павінна спрыяць іх абароне і развіццю. ВБЎ прытрымліваецца недыскрымінацыйных прынцыпаў, стварае роўныя ўмовы для ўсіх, падтрымлівае адкрытасць і разнастайнасць у адукацыйным і акадэмічным асяроддзі.
- Свабода – магчымасць мысліць, вучыцца і дзейнічаць без прыгнёту. ВБЎ стварае адкрытую і плюралістычную адукацыйную прастору, дзе кожны можа быць шчырым у сваіх перакананнях, а памылкі ўспрымаюцца як частка навучання і досведу, які дапамагае рухацца наперад.
- Дэмакратыя – прыняццё рашэнняў праз дыялог, празрыстасць і адказнасць. У ВБЎ існуе сістэма супольнага прыняцця рашэнняў, дзе кіраўнік лічыцца першым сярод роўных, рэалізуюцца прынцыпы належнага дэмакратычнага кіравання, існуе павага і падтрымка, працуюць аднолькавыя для ўсіх працэдуры і правілы, што стварае справядлівую і празрыстую сістэму ўзаемадзеяння.
- Нацыянальнае адраджэнне Беларусі – аднаўленне беларускай мовы, культуры, гісторыі і ідэнтычнасці як падмурка незалежнай і сучаснай дзяржавы. ВБЎ прасоўвае ідэі нацыянальнай ідэнтычнасці праз тэмы курсаў, імкнецца запрашаць, у першую чаргу, беларускіх выкладчыкаў. Беларуская - асноўная мова выкладання і камунікацый ВБЎ.
СТРАТЭГІЧНЫЯ МЭТЫ І ЗАДАЧЫ
У 2025-2027 гадах ВБЎ развіваецца і дзейнічае ў адпаведнасці з наступнымі стратэгічнымі прыярытэтамі:
- Падвышэнне якасці адукацыйных курсаў;
- Праца з выпускнікамі ВБЎ;
- Развіццё навуковага складніку ВБЎ;
- Падвышэнне патэнцыялу і ўстойлівасці ВБЎ.