Канцлер Вольнага Беларускага Ўніверсітэта dr Аляксандр Мілінкевіч і каардынатар праграм грамадзянскай адукацыі ВБЎ, праваабаронца mgr Іна Кулей наведалі Вышэйшую Школу Менеджэрскіх Кадраў у Коніне. Wyższa Szkoła Kadr Menedżerskich, якая з’яўляецца адной з найбольш дынамічна развіваючыхся прыватных вучэльняў краіны ў галіне кіравання.
Конінская Вышэйшая Школа рэалізуе вялікія праэкты для падрыхтоўкі будучых кадраў для Польшчы, Украіны і Беларусі, у тым ліку яна падтрымала стварэнне Беларускай Акадэміі пад кіраўніцтвам праф. Святланы Куль і сэртыфікуе ў ёй беларускамоўнае навучанне першага і другага узроўня, якое вядзецца беларускімі рэпрэсаванымі выкладчыкамі.
Prof. dr hab. Marek Waszkowiak, рэктар Школы падчас сустрэчы кіраўніка ВБЎ са студэнтамі і выкладчыкамі Школы адзначыў – Канцлер ВБЎ Аляксандр Мілінкевіч быў на пачатку незалежнасці Беларусі віцэ мэрам Гародні, бачыў усе змены таго часу і сам у іх удзельнічаў, разумее наколькі патрэбныя веды людзям, якія прыйдуць да ўлады пасля дэмакратычных выбараў». ВБЎ праводзіць цэлы комплекс трэнінгаў і лекцый для людзей, якія ў новай Беларусі зоймуць розныя дзяржаўныя пасады. Мы дамовіліся, што ў нашым супрацоўніцтве фармальна адукацыйнымі праектамі будзе займацца Вольны Беларускі Ўніверсітэт, на базе Вышэйшай Школы Менеджарскіх Кадраў.
Аляксандр Мілінкевіч наведаў Конін і з той прычыны, што гэты горад вельмі блізкі для яго сям’і. Бабуля Сп. Аляксандра паходзіць з Коніна і называлася Вольга Кох. Аб сваёй бабулі ён ведаў толькі са словаў сваёй маці, а сам ніколі яе не бачыў, бо яна загінула ў Казахстане ў падчас сталінскіх рэпрэсій. Яшчэ да бальшавіцкага перавароту ў Расеі паехала ў Пецярбург, там працавала разам са сваім мужам, дзядуляй Мілінкевіча, пасля вайны была выслана ў ГУЛАГ.
- Мама казала, што я на 3/4 беларус, а на 1/4 з Коніна. Мне вельмі важна ўбачыць горад, дзе нарадзілася і жыла бабуля, адчуць ягоную атмасферу, пазнаць конінцаў, да якіх цяпер маю вялікую сымпатыю. Спрабаваў знайсці месца пахавання яе бацькоў, маіх прадзядулю і прабабулю, на старых евангелісцкіх могілках з дапамогай мясцовага святара. Пакуль што ня змаглі, прайшло відаць ужо гадоў сто, як яны адышлі ў лепшы свет. Але мне цяпер дапамагае ў пошуках калега – прафесар гісторыі з партнёрскага Коніна. Інфармацыі аб маіх мясцовых продках маю няшмат, але архівы мясцовыя захаваліся, веру ў сваю ўдачу. Ведаю толькі, што яны былі даволі заможныя і мелі каўбасны заводзік у Коніне. Значыцца былі прадпрымальнікамі, менеджарамі, падрыхтоўкай якіх мы і зараз займаемся – распавёў Аляксандр Мілінкевіч.