Бізнес-прэзентацыі

Хочаш асвоіць майстэрства пераканаўчых бізнес-прэзентацый і авалодаць навыкамі публічных выступленняў? Курс «Бізнес-прэзентацыі» ад ВБЎ — твой шанец навучыцца ствараць прафесійныя і запамінальныя прэзентацыі!

Падрабязней

Імідж у інтэрнэце

Ваш вобраз у інтэрнэце - гэта больш, чым проста фота і пасты. Ён гуляе важную ролю як у прафесійным, так і ў асабістым жыцці. Гэты курс дапаможа разабрацца, як правільна пазіцыянаваць сябе ў інтэрнэце, абараніць асабісты брэнд і прасоўваць яго ў медыя.

Падрабязней

Вольны Беларускі
Ўніверсітэт

Ствараем прастору для сучаснай незалежнай адукацыі беларусаў, заснаваную на каштоўнасцях чалавечай годнасці, свабоды, дэмакратыі, правоў чалавека і нацыянальнага адраджэння Беларусі.
  • >600

    студэнтаў і выпускнікоў курсаў і праграм Вольнага Беларускага Ўніверсітэта
  • >50

    выкладчыкаў у 7 краінах, а таксама 17 экспертаў у розных галінах навукі і культуры

 

Місія ВБУ

 

Абапіраючыся на еўрапейскі досвед і з дапамогай лічбавых адукацыйных тэхналогій ('EdTech'), даем беларусам па ўсім свеце магчымасць назапасіць сучасныя веды і развіць перадавыя прафесійныя кампетэнцыі для ўдзелу ў будучым рэфармаванні беларускага грамадства.

Падрабязней

Еўрапейская адукацыя для беларусаў

Сучасныя веды пра грамадства, эканоміку і дзяржаву праз прызму еўрапейскага досведу і беларускіх выклікаў

У эміграцыі могуць нараджацца выдатныя ідэі

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі: Досвед эміграцыі, і палякаў, і беларусаў, паказвае, што ў эміграцыі могуць нараджацца выдатныя ідэі.

У Варшаве адбылася публічная дыскусія, прымеркаваная да 105-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Сцісла галоўную ідэю размовы можна сфармуляваць так: падзеі 1918 года былі вызначальнымі для станаўлення беларускай дзяржаўнасці, а 2020 год прынёс гістарычныя падзеі, якія, апрача таго, што ўвойдуць у падручнікі па гісторыі, прынеслі важны пазітыўны міф. А барацьба з дыктатураю не бывае простаю.

У дыскусіі ўдзельнічалі амбасадар Рэспублікі Польшча ў Беларусі Артур Міхальскі, дырэктар Цэнтру ўсходніх даследаванняў Войцех Кананчук, канцлер Вольнага Беларускага Ўніверсітэта Аляксандр Мілінкевіч, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Аліна Коўшык. Мадэраваў сустрэчу Лукаш Ясіна, прэс-сакратар МЗС Польшчы.

Цяпер Беларусь як дзяржава перажывае кепскія часы: маштабныя рэпрэсіі супраць сваіх грамадзян, міжнародная ізаляцыя, моцны ўплыў Расіі, вайна, у якой Беларусь выконвае для агрэсара ролю тылу.

Канцлер ВБЎ Аляксандр Мілінкевіч нагадаў пра падзеі з гісторыі Беларусі, якія шмат што тлумачаць у выбары людзей у 1990-ыя гады і ў дальнейшым развіцці падзей:

– Калі Беларусь атрымала незалежнасць у 1991 годзе, я тады быў віцэ-мэрам горада Гродна, каралеўскага горада Гродна, думалі мы, што гэта назаўсёды: Шушкевіч – кіраўнік дзяржавы, па тэлебачанню – беларуская мова. І раптам прыходзіць Лукашэнка. Часам у нас пытаюцца, чаму вы аддалі ўладу Лукашэнку? Як гэта атрымалася? Столькі разумных, адукаваных людзей, якія любяць Беларусь. Як так выйшла? І мой адказ кароткі: былі мы страшна вынішчаныя. Ніводная савецкая рэспубліка не была на такіх пазіцыях, страціўшы свае культуру, мову, гісторыю, сваю праўду. Але ніводны народ не аддае сваёй культуры дабравольна. Такая палітыка ў Савецкім саюзе была і да вайны, і пасля вайны. Палітыка дэнацыяналізацыі. Калі людзі не пачуваюцца народам, яны не разумеюць, што трэба змагацца супольна, яны становяцца індывідуалістамі. Кожны думае пра свае кашалькі, заробкі, дзяцей. І многія беларусы не пачуваліся беларусамі, не зналі сваёй гісторыі. Я кажу: калі б у палякаў забраць веды пра Баторага, Касцюшку, ці палякі былі б палякамі? І выйграў Лукашэнка, ён сапраўды супер-таленавіты папуліст. Я быў на сходзе з ім у Гродна ў той час: жанчыны плакалі, а ў мужчын слёзы былі на вачах. Ён абяцаў Савецкі саюз, але лепшы, рэфармаваны, дэмакратычны і гэтак далей. Ну, і атрымалася што атрымалася. Маем дыктатару, а з дыктатурай змагацца складана.


Падчас абмеркавання ролі Беларускай народнай рэспублікі прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Аліна Коўшык заўважыла, што сучаснае кіраўніцтва Беларусі абрала шлях русіфікацыі і знішчэння гістарычнай памяці:

На вуліцах Варшавы праходзіла дэманстрацыя з удзелам некалькіх тысяч чалавек. Дэманстрацыя, якая немагчымая ў нашай краіне. І гэта паказвае, як важна гэтае свята, гэты дзень для Беларусі. Я памятаю, як студэнткаю хадзіла на мітынгі, тады гэта было яшчэ магчыма ў Беларусі. Падлеткамі, мы святкавалі гэты дзень. Цяпер такому не вучаць у беларускіх школах. Школы русіфікаваныя, гісторыя знішчаная.

Якая галоўная роля Беларускай народнай рэспублікі? Гэта калыска нашай незалежнасці і беларускай дзяржаўнасці. Дзякуючы Радзе Беларускай народнай рэспублікі, дзякуючы ўстаўным граматам былі прапанаваныя межы дзяржавы, абвешчаная незалежнасць, дзяржаўнай мовай была абвешчаная беларуская. І за гэта мы змагаемся і сёння. І шмат агульных рэчаў ёсць з цяперашнім днём: тады таксама ішла вайна, таксама была акупацыя, тады таксама быў урад у выгнанні. Спадзяюся, наш лёс будзе іншым. Але, калі б тады не было Беларускай народнай рэспублікі, можа быць, цяпер не было б і Рэспублікі Беларусь.


Амбасадар Рэспублікі Польшча ў Беларусі Артур Міхальскі падчас сустрэчы падкрэсліў, што рэжым Лукашэнкі ніколі не быў прадказальным і добрым. Так, былі больш лагодныя часы, было менш забаронаў, але ніколі нельга было гаварыць пра свабоду ў Беларусі. Тактыка беларускай улады паказвае пра імкненне балансаваць, карыстацца момантам. Напрыклад, яшчэ ў лютым 2020 года ў Мінску адбыўся вялікі прыём з нагоды 274-й гадавіны з дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі.


«Імя Тадэвуша Касцюшкі важнае для Беларусі, ЗША, Польшчы і Літвы», – заяўляў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

На гэтым прыёме былі як прадстаўнікі польскай супольнасці ў Беларусі Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут. Цяпер Борыс пад хатнім арыштам, Пачобут у турме. А Касцюшку дзяржпрапаганда больш не называе героем.


Амбасадар Артур Міхальскі адзначае, што варта выкарыстоўваць досвед эміграцыі: «Цяпер хацеў бы звярнуць увагу на адну важную рэч, цяпер гэта фундаментальная рэч, бо маем час трагічны. У людзей, якія тут прысутнічаюць, шмат знаёмых у турмах, у Наталлі Пінчук і Святланы Ціханоўскай мужы ў турмах. Сітуацыя цяжкая. Але трэба працаваць, трэба выкарыстоўваць гэты час. Цяпер тут, у Польшчы, шмат беларусаў. Мы можам нанова пазнаць адзін аднаго. Нашу суседства мусіць быць нанова прачытана. Наш досвед эміграцыі, і палякаў, і беларусаў, паказвае, што ў эміграцыі могуць нараджацца выдатныя ідэі, з якіх пасля паўстаюць выдатныя справы».


Канцлер ВБЎ Аляксандр Мілінкевіч гаворыць, што пакаленні змяніліся і перамены непазбежныя, але пытанне якой цаной:

Старое пакаленне, якое спачатку плакала з Лукашэнкам, паволі адыходзіла, прыйшло новае пакаленне. Як сказаў спадар амбасадар, беларусам выдавалі сотні тысяч візаў. Беларусы гадамі, дзякуючы палякам, літоўцам ды іншым, мелі найбольш візаў Шэнген на тысячу жыхароў. Беларусы маюць выдатную школу праграмавання, гэта ўсё таксама мае значэнне. І яшчэ скажу: беларусы адчулі сябе беларусамі. Украінцы яшчэ нядаўна не пачуваліся такімі. Украіна за 15 год зрабіла з украінцаў украінамоўных, украінцы маюць такі дух, што не зброя цяпер на першым месцы, хаця і гэта важна, але дух украінскі пераважае. І мы мусім пра тое дбаць і гэта будаваць. Мусім зрабіць так, каб не было павароту назад. Мусіць быць дэсталінізацыя, дэсаветызацыя, дэкамунізацыя. Беларусь мае выдатную інфраструктуру, выдатных адукаваных людзей, у тым ліку і ў Польшчы. Гэта таксама дапаможа нам зрабіць рэформы. Беларусы працавітыя і схільныя выконваць нават кепскія законы, а як яны будуць добрыя, то тым больш. Я веру, што мы зробім гэта, але не ведаю калі і якой цаной.

Арганізатарам публічнай дыскусіі выступіла МЗС Польшчы, а падтрымаў ідэю Варшаўскі музычны ўніверсітэт імя Фрыдэрыка Шапэна.

 

We use cookies
Мы выкарыстоўваем файлы cookie на сайце. Некаторыя з іх важныя для працы сайта, а іншыя дапамагаюць нам палепшыць карыстальніцкі досвед. Вы можаце пагадзіцца на іх выкарыстанне альбо адмовіцца.