Бізнес-прэзентацыі

Хочаш асвоіць майстэрства пераканаўчых бізнес-прэзентацый і авалодаць навыкамі публічных выступленняў? Курс «Бізнес-прэзентацыі» ад ВБЎ — твой шанец навучыцца ствараць прафесійныя і запамінальныя прэзентацыі!

Падрабязней

Імідж у інтэрнэце

Ваш вобраз у інтэрнэце - гэта больш, чым проста фота і пасты. Ён гуляе важную ролю як у прафесійным, так і ў асабістым жыцці. Гэты курс дапаможа разабрацца, як правільна пазіцыянаваць сябе ў інтэрнэце, абараніць асабісты брэнд і прасоўваць яго ў медыя.

Падрабязней

Вольны Беларускі
Ўніверсітэт

Ствараем прастору для сучаснай незалежнай адукацыі беларусаў, заснаваную на каштоўнасцях чалавечай годнасці, свабоды, дэмакратыі, правоў чалавека і нацыянальнага адраджэння Беларусі.
  • >600

    студэнтаў і выпускнікоў курсаў і праграм Вольнага Беларускага Ўніверсітэта
  • >50

    выкладчыкаў у 7 краінах, а таксама 17 экспертаў у розных галінах навукі і культуры

 

Місія ВБУ

 

Абапіраючыся на еўрапейскі досвед і з дапамогай лічбавых адукацыйных тэхналогій ('EdTech'), даем беларусам па ўсім свеце магчымасць назапасіць сучасныя веды і развіць перадавыя прафесійныя кампетэнцыі для ўдзелу ў будучым рэфармаванні беларускага грамадства.

Падрабязней

Еўрапейская адукацыя для беларусаў

Сучасныя веды пра грамадства, эканоміку і дзяржаву праз прызму еўрапейскага досведу і беларускіх выклікаў

Навошта Беларусі ідэя еўрапейскасці? Размова з Аляксандрам Мілінкевічам

"Гэта ўсё аб вяртанні ў еўрапейскую сям'ю, з якой нас забралі ў імперыю". Аб ідэі еўрапейскага выбару для Беларусі палітыкі вядуць дэбаты ўжо даўно. 

Здаецца, што чым глыбей Аляксандр Лукашэнка заводзіў краіну ў крызісны стан і поўную залежнасць ад Расіі, тым часцей яго апаненты загаворвалі аб неабходных пераменах. 

Але адкуль бярэцца ўпэўненасць, што еўрапейскасць сапраўды пасуе Беларусі? І што зрабіць, каб у нас прыжыліся яе прынцыпы? Пра гэта расказвае палітык Аляксандр Мілінкевіч.

Аляксандр Мілінкевіч быў кандыдатам ад дэмакратычных сіл на выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2006 годзе. Заснаваў рух "За Свабоду!". У верасні 2023-га быў прызначаны пазаштатным саветнікам Святланы Ціханоўскай па пытаннях рэалізацыі еўрапейскага выбару Беларусі.

- Здаецца, у 2006 годзе вы былі адным з першых палітыкаў, якія ў прынцыпе загаварылі аб укараненні ідэі еўрапейскасці ў дзяржаўны лад Беларусі. Гэтай мэты зараз прытрымліваецца і каманда Святланы Ціханоўскай. Я думаю, што сёння ў дэмакратычных сілаў больш магчымасцяў знайсці падтрымку з падобнай праграмай, чым амаль 20 гадоў таму. Але я не магу ўявіць, каб тады ў 2006-м ідэя еўрапейскасці была папулярнай сярод беларусаў. Чаму вы вырашылі будаваць сваю палітычную кампанію менавіта навокал яе?

- Я з дзяцінства добра разумеў, што такое Расейская імперыя: яе палітыка заўсёды была пра агрэсію, анэксію і русіфікацыю. Я нагадаю, што ў беларускіх падручніках савецкага часу нашая гісторыя пачыналася з адной даты – рэвалюцыі 1917-га года.

У маіх бацькоў была добрая бібліятэка, у кнігах з якой расказвалася гісторыя Беларусі да маскоўскага “вызвалення”. Дзякуючы гэтым кнігам я здолеў зразумець, што ў нас шматвяковая еўрапейская гісторыя, у першую чаргу, агульная з літоўцамі і палякамі, а не з расейцамі. У нас старажытная гісторыя дзяржаўнасці, пачынаючы з Полацкага і Тураўскага княстваў. Мы разам змагаліся за свабоду і за незалежнасць – і мы ані не горшыя за нашых суседзяў.

У палітыцы я пачаў казаць пра еўрапейскі вектар развіцця, таму што разумеў: па сваім менталітэце, традыцыям, па гісторыі, культуры, мове мы - еўрапейцы. Для мяне гэта ніколі не было пытаннем выбару, у які бок нам ісці, на ўсход ці на захад. Для мяне гэта было аб вяртанні ў еўрапейскую сям'ю, з якой нас сілком забралі ў імперыю. Вядома, у дэмакратычнай краіне кожны палітык, калі ён ідзе на выбары, найперш думае пра тое, як сабраць пабольш галасоў. Ён імкнецца казаць так, як думае большасць. Гэта тыпова для дэмакратыі. Большасць скажа: ён такі, як мы, і прагаласуе за яго.

Так, тады мы плылі супраць плыні, таму што за еўрапейскі выбар у 2006 годзе ў лепшым выпадку выступала чвэрць насельніцтва. Як правіла, гэта былі больш адукаваныя людзі, прадпрымальныя, маладыя, якія лепш разумелі, паводле якіх законаў развіваецца свет. Яны ўжо не верылі прапагандзе. Гэта людзі, якія ездзілі за мяжу, ведалі нашую гераічную і трагічную гісторыю.

Тады мы разумелі, што з нашым лозунгам "Свабода, Праўда, Справядлівасць" складана выйграць выбары. Людзі думаюць найперш пра сваю сям'ю, пра сваіх дзяцей, пра іх здароўе, пра жытло. А калі ты кажаш пра маральныя каштоўнасці, наўрад ці зможаш заваяваць большасць насельніцтва - нават у дэмакратыях. Мы ішлі з гэтай праграмай на выбары, разумеючы, што іх няма. І таму нам хацелася найперш кансалідаваць тую частку беларусаў, якая разумела значэнне незалежнасці і нацыянальнага адраджэння.

- Можаце растлумачыць, чаму, на вашую думку, менавіта арыентацыя на еўрапейскасць падыходзіць Беларусі?

- Па-першае, таму што тут стаіць ужо відавочны выбар паміж дабром і злом, свабодай і казармай. Цяпер гэта ўжо экзістэнцыйнае пытанне - ці будуць існаваць беларусы ў нашай краіне. Гаспадар Крамля не лічыць нацыяй не толькі ўкраінцаў, але і нас.

Дзе людзі жывуць лепш, багацей, дастойней? Дзе яны часцей усміхаюцца? Там, дзе больш свабод, дзе грамадзяне самі вызначаюць сваю будучыню. У дэмакратыі сапраўды можна абараніць свае правы ў судзе, у ёй ты выбіраеш уладу і ўдзельнічаеш у падліку галасоў, таму і не сумняваешся ў справядлівасці выбараў.

 

- Падаецца, што нават нягледзячы на вайну ва Украіне, ступень арыентацыі на Расею ў беларусаў застаецца высокай. Улічваючы, што многія з іх усё роўна глядзяць "на Усход", што можна зрабіць, каб у нас прыжылася ідэя еўрапейскасці?

- На самай справе гэта прасцей, чым здаецца. Вядома, калі цябе з раніцы да вечара замбіруе тэлевізар, калі ідзе бясконцы пошук ворагаў, нагнятаецца агідная нянавісць, мысленне людзей можа некалькі дэфармавацца. Але не настолькі, каб мы згубілі арыентацыю ў прасторы.

Я параўноўваю, якой была Беларусь, калі ў выніку перабудовы мы атрымалі незалежнасць у 1991-м. Тады стан грамадства быў горшы, чым сёньня. Большасць нашага насельніцтва прагаласавала на рэферэндуме за захаванне Савецкага саюза. Беларусы спалохаліся распаду СССР. Чаму так здарылася? Справа ў тым, што ні ў адной савецкай рэспубліцы не было такой дэнацыяналізацыі, як у нас. І гэта не таму, што беларусы адмовіліся ад сваёй цудоўнай гісторыі, мовы і культуры. Гэта быў вынік каланіяльнай палітыкі імперыі па фармаванні людзей «без роду, без племя», без ідэнтычнасці і самасвядомасці, з комплексам нацыянальнай непаўнавартаснасці.

Пасьля распаду Савецкага саюзу большасьць беларусаў проста ня ведалі, што такое Эўропа, чаму яна аб'ядналася, на якіх каштоўнасьцях. Краіна была закрытай і самаізаляванай.

Але сёння ўсё абсалютна не так. Пераважная большасць беларусаў штодзень карыстаецца інтэрнэтам, яны могуць параўноўваць сітуацыі ў розных краінах. У нас адрадзілася пачуццё годнасці і свабодалюбства. Пасля 2020-га мы сталі іншым народам і аформіліся як нацыя.

- Давайце пагаворым аб тых самых еўрапейскіх каштоўнасцях. Якія, на вашую думку, найперш трэба пераняць беларусам?

- 2020-ы год паказаў, што мы па менталітэце ў большасці сваёй ужо еўрапейцы. Нашыя грамадзяне выйшлі на маніфестацыі не з эканамічнымі патрабаваннямі. Лозунгаў пра заробкі не было, хаця яны зусім нізкія ў параўнанні з суседзямі. Людзі хацелі мець магчымасць выбіраць сабе ўладу, адстойвалі сваю годнасць, хацелі свабоды, праўды, справядлівасці. Гэта і ёсць еўрапейскія каштоўнасці.

Я быў знаёмы з большасцю амбасадараў цывілізаваных краін у Беларусі ў розны час. І практычна ўсе яны дружна казалі, калі пакідалі краіну: “Вы - самы еўрапейскі народ Усходняй Еўропы. Калі заўтра дзверы Еўразвяза адчыняцца, вы станеце першымі, хто будзе гатовы да еўраінтэграцыі”.

Па-другое, мы маем вялікі патэнцыял для таго, каб паспяхова прайсці гэтую дарогу. Беларусы добра адукаваныя, працавітыя. Цяпер я з калегамі займаюся праектам “Вольны Беларускі Універсітэт”. Практычна ўсе рэктары партнёрскіх еўрапейскіх універсітэтаў кажуць, што беларусы - адны з лепшых замежных студэнтаў.

У нас дастаткова высокі патэнцыял прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Выдатная інфраструктура аўтадарог і інтэрнэту. Мы маем выдатную школу падрыхтоўкі ІТ-спецыялістаў і інжынераў.

Я ўпэўнены, што мы, як толькі з'явіцца магчымасць, можам стаць лакаматывам трансфармацыі Усходняй Еўропы. І ўжо сёння беларускія эксперты паспяхова працуюць над праектамі пераўтварэнняў краіны, каб яны былі эфектыўнымі, адносна хуткімі і не надта балючымі.

Тое, што мы будзем праводзіць сістэмныя рэформы аднымі з апошніх у Еўропе, - дрэнна, але тое, што зможам выкарыстоўваць і добры, і дрэнны вопыт, які ёсць у нашых суседзяў, - гэта для нас вялікі плюс.

Фота: Viktor Drachev
Спасылка на арыгінал артыкула, Цэнтр Новых Ідэй

 

We use cookies
Мы выкарыстоўваем файлы cookie на сайце. Некаторыя з іх важныя для працы сайта, а іншыя дапамагаюць нам палепшыць карыстальніцкі досвед. Вы можаце пагадзіцца на іх выкарыстанне альбо адмовіцца.