15 студзеня КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» Вольны беларускі ўніверсітэт. Ці былі гатовыя ва ўстанове да такога павароту падзеяў і як гэта адаб’ецца на ейнай далейшай працы?
Да такога павароту падзеяў былі гатовыя
«Безумоўна, мы былі гатовыя да такога павароту падзеяў, – кажа Аляксандр Мілінкевіч. – Гэта непрыемна, але абсалютна не трагічна. Мы знаем, як з гэтым змагацца. Так, па-шчырасці, гэта не супрацьстаянне КДБ і Вольнага ўніверсітэту, гэта супрацьстаянне цывілізацыяў. Гэта, можна сказаць, супрацьстаянне мінулага з будучым. І мы працуем менавіта на будучую Беларусь, хочам падрыхтаваць кадры, якія ведаюць, як рабіліся рэформы ў суседзяў – і добрыя, і дрэнныя, і папросту змаглі б у свой час зрабіць на Беларусі трансфармацыю – паспяховую, эфектыўную, хуткую. Гэта наша мэта».
На думку Аляксандра Мілінкевіча, улада імкнецца ўсё больш і больш замарозіць Беларусь у сваім развіцці і пайсці да мінулага, якое ім больш за ўсё падабаецца: да сталіншчыны, з усімі выцякаючымі з гэтага наступствамі.
На пытанне, што такога было ў дзейнасці Вольнага ўніверсітэту, з-за чаго ўлады прызналі яго «экстрэмісцкім фармаваннем», Аляксандр Мілінкевіч адказаў, што людзей, якія вучацца ва ўніверсітэце, цяжка загнаць у «казарму», дзе ўсе павінны думаць аднолькава.
«З майго вялікага досведу, чалавек, які вучыцца ў падобных універсітэтах, на падобных курсах, становіцца больш аптымістычным, ён верыць у сваю будучыню і ў будучыню краіны, гэты чалавек глядзіць на сябе як на еўрапейскага чалавека.
І безумоўна, такі чалавек не ўкладаецца ў схему, дзе трэба ўсіх загнаць у казарму, дзе ўсе павінны думаць так, як трэба, павінны быць лаяльнымі да начальніка краіны і спавядаць ідэалогію, якую яны самі ніяк не могуць стварыць. А для нас ідэалогія – гэта любіць Беларусь», – кажа наш суразмоўца.
Што робіцца для бяспекі
Аляксандр Мілінкевіч адзначыў, што ва ўніверсітэце заўсёды надавалася вялікая ўвага бяспецы, бо для тых, хто вучыцца за мяжой, не ўзнікае столькі пагрозаў, як для тых, хто знаходзіцца ўнутры краіны – ім могуць пагражаць дадатковыя рэпрэсіі. Пры гэтым, адзначае наш суразмоўца, ва ўніверсітэце было шмат навучэнцаў з Беларусі.
«Толькі я шчыра скажу, – адзначыў Аляксандр Мілінкевіч, – абсалютную бяспеку ў адкрытым універсітэце, які адкрыта аб’яўляе наборы, які на сайце кажа, якія будзе рабіць курсы, выканаць няпроста. Але ўсё, што можна, з нашага боку мы робім. І менавіта ў гэтыя мінуты мы робім яшчэ і яшчэ, каб не падставіць нашых людзей, якія жывуць ва ўмовах таталітарнага рэжыму».
На пытанне, ці стане Вольны беларускі ўніверсітэт першым крокам на шляху да прызнання «экстрэмісцкімі» ўсіх адукацыйных установаў, якія працуюць за мяжой пры падтрымцы замежных дэмакратычных інстытутаў, Аляксандр Мілінкевіча адказаў, што зараз улады спрабуюць прызнаць ворагамі ўвесь грамадзянскі сектар – усіх, хто рэалізуе ідэі і праекты для будучыні Беларусі, у тым ліку і адукацыйныя.
«Некалі ўлада думала, што галоўныя апазіцыянеры сядзяць у парламенце, дзе была яшчэ апазіцыя, што гэта журналісты і праваабаронцы, а потым яна зразумела, што ўвесь грамадзянскі сектар, уся гэтая вялікая колькасць людзей, якія рэалізуюць самыя розныя цікавыя ініцыятывы дзеля будучыні Беларусі, у тым ліку адукацыйныя, яны ўсе ворагі», – адзначыў наш суразмоўца
Аляксандр Мілінкевіч мяркуе, што падобны лёс сапраўды можа напаткаць і ЕГУ, аб прызнанні якога «экстрэмісцкім фармаваннем» намякалі беларускія прапагандысты.
«Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт робіць падобныя рэчы, ён рыхтуе кадры, якія патрэбныя Беларусі… Я б вельмі не хацеў, каб гэта зрабілася, але ўсё беларускае, што спрабуе зараз самарэалізавацца за мяжой (бо ў краіне гэта немагчыма) – пад рызыкай падобных тэндэнцыяў. Але я думаю, што ўсе мы справімся з гэтым, таму што не мы першыя, не мы апошнія, і мы ведаем, як гэта рабіць. Людзі, якія з намі працуюць, вераць у сябе, вераць у краіну і вераць у тое, што Беларусь стане нармальнай краінай. Можа, нават лідарам, лакаматывам рэформаў ва Усходняй Еўропе, я ў гэта шчыра веру. Наш патэнцыял велізарны», – падкрэсліў Аляксандр Мілінкевіч.
Пры гэтым прызнанне «экстрэмісцкім фармаваннем» не значна адаб’ецца на дзейнасці Вольнага ўніверсітэту, падкрэсліў наш суразмоўца.
«Мы будзем працаваць яшчэ больш дасканала. Я ведаю, што большасць нашых студэнтаў не спалохаюцца, а будуць думаць пра тое, як набыць новыя кампетэнцыі, новыя ўменні, як зрабіць сваю кар’еру ў жыцці і служыць Беларусі. Я ў гэта веру і знаю, не ў першы раз мы з гэтым сутыкаемся», – адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.
Раман Шавель belsat.eu