XXIII Мінскі форум "Аляксандр Мілінкевіч: яго спадчына"
22–23 верасня ў Варшаве прайшла варшаўская сесія XXIII Мінскага форуму — міжнароднай пляцоўкі, якая ўжо амаль тры дзесяцігоддзі аб’ядноўвае беларускую і еўрапейскую навуковую, палітычную, культурную і грамадзянскую супольнасці.
Сёлета адкрыццё форуму мела асаблівае значэнне для Вольнага Беларускага Ўніверсітэту. Яно было прысвечана памяці Аляксандра Мілінкевіча — палітыка, навукоўца, грамадскага дзеяча і канцлера Вольнага Беларускага ўніверсітэта, які на працягу многіх гадоў быў адной з прыкметных постацяў беларускай дэмакратычнай супольнасці ў Беларусі і за яе межамі.
З вітальным і ключавым словам да ўдзельнікаў звярнулася Іна Кулей. Яна гаварыла не толькі пра асабістае вымярэнне памяці, але перадусім пра ідэі і прынцыпы, якія Аляксандр лічыў важнымі для будучыні Беларусі і якія могуць быць актуальнымі сёння.
«Асабліва важна, каб ягоныя ідэі — пра свабодную, еўрапейскую, адукаваную і дэмакратычную Беларусь — заставаліся не толькі часткай памяці, але і крыніцай натхнення для наступных пакаленняў»
Першая сесія форуму, «Спадчына Аляксандра Мілінкевіча», была пабудаваная як адкрытая размова пра тое, якім чынам ягоныя ідэі і падыходы могуць суадносіцца з сённяшняй сітуацыяй у Беларусі і вакол яе. У размове ўдзельнічалі дырэктар праграм Вольнага Беларускага ўніверсітэта Алесь Лагвінец і экспертка ў галіне беларускіх медыя і рэдактарскай стратэгіі Ірына Чарняука.
Размова ішла пра важныя напрацоўкі і дасягненні розных перыядаў жыцця і дзейнасці Аляксандра Мілінкевіча — пра ягоны ўнёсак у развіццё грамадзянскай супольнасці, фармаванне палітычнай культуры і стварэнне прасторы для супрацоўніцтва паміж людзьмі, якія бачаць будучыню Беларусі як свабоднай, незалежнай і дэмакратычнай краіны.
Многія з гэтых ідэй не засталіся толькі часткай гісторыі. Яны працягваюць уплываць на сучасную беларускую грамадзянскую супольнасць і знаходзяць практычнае ўвасабленне ў супрацоўніцтве беларусаў у Беларусі і за мяжой, а таксама ў развіцці сувязяў Беларусі з еўрапейскімі суседзямі і міжнароднымі партнёрамі.
Для Вольнага Беларускага Ўніверсітэта гэта асабліва асабістая спадчына — і адначасова адказнасць працягваць распачатую працу.