Лукашэнка перамог: Еўропа гатуе мільярды еўра для Беларусі
Ці патрэбная Беларусі новая Канстытуцыя, калі ўжо існуе Канстытуцыя 1994 года? Як падрыхтавацца да змены ўлады, каб не давялося будаваць новую дзяржаву з нуля? І на якую падтрымку Еўропы можа разлічваць Беларусь пасля дэмакратычных пераменаў?
У новым выпуску серыі інтэрв’ю «Вольнага беларускага журнала» на гэтыя пытанні адказвае Анатоль Лябедзька — дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і пытаннях канстытуцыйнай рэформы.
Разам з экспертам абмяркоўваем, чаму вяртання да Канстытуцыі 1994 года можа аказацца недастаткова і якой павінна быць новая сістэма дзяржаўнага кіравання. Асобная ўвага — парламенцкай форме праўлення, незалежнасці судовай сістэмы і механізмам, якія дазволяць не дапусціць паўтарэння аўтарытарызму.
Анатоль Лябедзька распавядае пра працу над праектам новай Канстытуцыі, у якой беларусы бралі ўдзел яшчэ ў 2020 годзе, і тлумачыць, чаму рыхтаваць законы, спецыялістаў і дзяржаўныя інстытуты неабходна ўжо сёння. Каб пасля палітычных пераменаў краіна магла хутчэй перайсці да рэформаў, важна загадзя мець не толькі агульнае бачанне будучыні, але і канкрэтныя рашэнні.
Гаворым таксама пра магчымыя сцэнары змены ўлады, люстрацыю і будучыню людзей, якія працавалі ў дзяржаўнай сістэме. Як правесці неабходныя пераўтварэнні, захаваць кіравальнасць краіны і аднавіць давер грамадства да дзяржаўных інстытутаў?
Яшчэ адна важная тэма — еўрапейская падтрымка новай Беларусі. Абмяркоўваем перспектывы еўраінтэграцыі, магчымасць прыцягнення мільярдных інвестыцый і тое, якія палітычныя і эканамічныя ўмовы неабходныя для рэалізацыі такіх праграм.
У завяршэнне — бліц пра Беларусь будучыні: сістэму бяспекі, парламенцкую ці прэзідэнцкую рэспубліку, новую Канстытуцыю і статус беларускай мовы.
Якой павінна стаць Беларусь пасля Лукашэнкі і што можна зрабіць ужо сёння, каб будучыя перамены не засталіся толькі спадзяваннямі?
Глядзіце інтэрв’ю з Анатолем Лябедзькам у сумесным праекце Вольнага Беларускага Ўніверсітэта, NEXTA і Free Belarus Journal.
