Accessibility Tools

Skip to main content
Навіны
11 October 2026
Далучайцеся

Якой будзе будучая Беларусь? Навукоўцы пра шлях да пераменаў.

11 October 2026

Free Belarus Journal — навукова-аналітычны праект Вольнага Беларускага Ўніверсітэта — працягвае размову пра будучыню Беларусі.

У 2026 годзе выходзіць другі нумар журнала, а разам з ім у супрацы з рэдакцыяй NEXTA ствараецца серыя відэаінтэрв’ю з вядучымі беларускімі навукоўцамі, даследчыкамі і экспертамі. Першыя пяць інтэрв’ю ўжо даступныя на YouTube.

Ідэя праекта належыць dr hab. Марыюшy Машкевічу, галоўнаму рэдактару журнала і dr. Аляксандру Мілінкевічу, Канцлеру Вольнага Беларускага Ўніверсітэта. Праект быў задуманы як пляцоўка для супрацоўніцтва беларускіх навукоўцаў і даследчыкаў з розных краін, абмену ідэямі і развіцця беларусазнаўства. Яго мэты — аб’ядноўваць акадэмічную супольнасць, падтрымліваць маладых даследчыкаў і спрыяць развіццю беларускай мовы ў навуцы.

У 2026 годзе Еўрапейскі фонд за дэмакратыю (EED) падтрымаў далейшае развіццё праекта. Ён прадугледжвае выданне другога нумара з навуковымі артыкуламі, прысвечанымі Беларусі, і падрыхтоўку 18 інтэрв’ю з вядомымі беларускімі навукоўцамі. У цэнтры ўвагі — незалежнасць Беларусі, неабходныя рэформы, палітычная сітуацыя ў краіне і магчымыя шляхі дэмакратычных пераменаў.

У інтэрв’ю абмяркоўваюцца дзяржаўнае кіраванне і дэмакратычныя інстытуты, грамадства і эканоміка, адукацыя і культура, нацыянальная ідэнтычнасць, месца Беларусі ў Еўропе. Асаблівае месца займае праект новай Канстытуцыі Беларусі.

Якой павінна быць Канстытуцыя будучай Беларусі? Як забяспечыць рэальны падзел уладаў і абарону правоў чалавека? Якія механізмы могуць не дапусціць вяртання аўтарытарызму? І як зрабіць так, каб новыя правілы сталі асновай рэальных зменаў, а не засталіся толькі тэкстам на паперы?

Free Belarus Journal імкнецца не толькі асэнсоўваць сучасныя выклікі, але і ствараць прастору для адкрытай дыскусіі пра будучыню краіны. Гэта размова пра тое, якой мы хочам бачыць Беларусь, і пра шляхі, якія могуць прывесці да дэмакратычнай і незалежнай будучыні.

Напрыканцы 2026 года запланаваная выніковая канферэнцыя з удзелам беларускіх навукоўцаў, а таксама запрошаных гасцей з Польшчы і іншых краінаў. Яна стане магчымасцю падвесці вынікі праекта і працягнуць абмеркаванне ключавых пытанняў будучыні Беларусі.


Глядзіце інтэрв’ю на YouTube-канале ВБУ:
https://www.youtube.com/@VolnyUniversytet

Чытайце Free Belarus Journal:
https://journal.volny-uni.eu/