Выступ Aляксандра Мілінкевіча на канферэнцыі “Эўропа Карпат”

24-26 лютага ў Красічыне прайшла 35-я канфэрэнцыя «Эўропа Карпат». У дыскусіях узялі ўдзел польскія і замежныя палітыкі, экспэрты і навукоўцы.

У дыскусыйнай панэлі «Рэалізм і каштоўнасьці ў Цэнтральнай Эўропе» ўзяў удзел канцлер Вольнага Беларускага Ўнівэрсытэту Аляксандр Мілінкевіч. Ён быў запрошаны на канфэрэнцыю кіраўніком канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Марэкам Кухціньскім і віцэ-спікерам Польскага Сэйму Рышардам Тэрлецкім. Падчас канфэрэнцыі Аляксандр Мілінкевіч таксама меў магчымасьць правесьці двухбаковую сустрэчу зь міністрам адукацыі і навукі Польшчы прафэсарам Пшэмыславам Чарнэкам пасьля двухгадзіннай дыскусыі рэктараў і прафэсараў польскіх і ўкраінскіх унівэрсытэтаў пра інтэрнацыялізацыю сыстэмаў адукацыі і выкарыстаньне сучасных лічбавых тэхналёгіяў у ВНУ.

Тэкст выступу Аляксандра Мілінкевіча.

 

Гістарычныя лёсы Ўкраіны і Беларусі вельмі падобныя і ўзаемазьвязаныя. Для Крамля, Беларусь, як і Ўкраіна, – гэта частка гістарычнае Расеі, якая павінна заставацца пад поўным расейскім кантролем. Гэтак як і ўкраінцаў, беларусаў Крэмль не прызнае за асобны народ.


Украіна сёньня бароніць ня толькі сябе, але і цывілізаваны сьвет ад расейскай агрэсіі. Сваю бясьпеку і гарантыю далейшага мірнага разьвіцьця яна бачыць у эўрапейскай інтэграцыі і далучэньні да Эўрапейскага зьвязу і НАТО. Заходнія партнэры Ўкраіны паступова прызнаюць жыцьцёвую неабходнасьць такога шляху для Ўкраіны. Украіна разам з Малдовай атрымала статус краіны-кандыдата ў ЭЗ, і мае ўсе шанцы стаць сябрам НАТА. Такую ж пэрспэктыву трэба прадугледзець і для Беларусі.


Праз саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне Пуціна Беларусь з большага найчасцей разглядацца ў кантэксьце пагрозы для Ўкраіны, разам з тым, гэта вельмі важная краіна як у кантэксьце спыненьня агрэсіі Расеі. Без эўрапейскай і эўраатлянтычнай інтэграцыі Украіны, Малдовы і Беларусі немагчыма канчаткова перамагчы маскоўскі неаімпэралізм. Усе тры гэтыя краіны, гэта значыць, і Беларусь з’яўляюцца ключавымі краінамі для сыстэмы бясьпекі ў рэгіёне.

Далучэньне Беларусі да Эўразьвязу дазволіць забясьпечыць незваротнасьць існаваньня незалежнае беларускае дэмакратычнае дзяржавы ды ўсталяваць сапраўды добрасуседзкія дачыненьні з Расеяй, якія будуць базіравацца не на марах пра аднаўленьне СССР, а на ўзаемнай карысьці і павазе да агульнадэмакратычных каштоўнасьцяў.
Ці ёсьць у беларусаў шанец вярнуцца ў Эўропу?


Якое сучаснае беларускае грамадзтва? Ці можа яно прымаць вырашальныя геапалітычныя рашэньні, якія вызначаюць лёс нацыі? Думаю, у значнай ступені так.


У 2020 годзе сотні тысяч беларусаў, якія выйшлі на вуліцы па ўсёй краіне, каб абараніць сваю годнасьць, паказалі сусьвету, і перш за ўсё сабе, што яны нацыя, а не постсавецкае грамадзтва; што яны эўрапейцы, якія жадаюць жыць у дэмакратыі і свабодзе, самі выбіраць урад, вырашаць свой лёс і лёс сваіх дзяцей. Безумоўна, гэта вельмі важны момант у нашай найноўшай гісторыі, але нельга жыць толькі гэтай падзеяй. Мы павінны думаць пра заўтра і пасьлязаўтра; што нам рабіць, каб выйграць бітву за Беларусь. Якой павінна быць краіна пасьля Лукашэнкі, да якіх стандартаў трэба імкнуцца, якую мадэль дзяржавы абраць.

Беларусы павінны адукаваць і структурызаваць новую грамадзянскую супольнасьць, якая нарадзілася падчас пратэстаў 2020 года; падрыхтаваць яе да абароны права жыць на сваёй зямлі, паводле сваіх правілаў і традыцыяў, паводле сваёй волі. Мы павінны выхоўваць кадры беларускага дзяржаўнага і мясцовага кіраваньня і гаспадарчых кіраўнікоў.


Беларускім дэмакратам патрэбныя новыя акцэнты ў міжнароднай палітыцы. Нам неабходна пераканаць нашых заходніх партнэраў, што наша краіна на дадзены момант найбольш пэрспэктыўная для дэмакратычных, эканамічных і сацыяльных рэформаў, што мы можам і павінны стаць донарамі бясьпекі ва Ўсходняй Эўропе. Неабходна пастаянна нагадваць, што беларусы маюць эўрапейскую гісторыю, культуру і традыцыі, эўрапейскі мэнталітэт; што яны эўрапейскага паходжаньня і хочуць вярнуцца ў сваю сям’ю; што мы вельмі працавітая і законапаслухмяная нацыя, у нас высокі ўзровень адукацыі, перш за ўсё тэхнічнай і інжынэрнай, сучасная інфраструктура хуткаснага інтэрнэту і аўтамабільных дарог, даўнія сельскагаспадарчыя традыцыі. У Беларусі ад часоў перабудовы добра разьвіта грамадзянская супольнасьць як у цэнтры, так і ў рэгіёнах, якая ўмее супрацоўнічаць паміж сабою і кансалідавацца. У нас шмат спэцыялістаў, якія атрымалі адукацыю на Захадзе, якія ведаюць як праводзіць рэформы, і ўжо працуюць над праграмамі трансфармацыі ў Беларусі.

Незалежнасьць Беларусі зьяўляецца адной з гарантыяў бясьпекі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. У доўгатэрміновых інтарэсах нашых суседзяў – падтрымліваць праэўрапейскія настроі ў нашай краіне і выхоўваць эліту, якая будзе імкнуцца адкрыць Беларусь Эўропе.


Пасьля маскоўскай агрэсіі Ўкраіна застанецца незалежнай нават у самым горшым выпадку, хаця б дзякуючы сіле свайго нацыянальнага супраціву. Беларусь з-за нерэфармаванай эканомікі і меншага пачуцьця асобнасьці больш успрымальная да расійскай праграмы рэканкісты, чым Украіна, і таму барацьба за тое, каб Расія не паглынула Беларусь, павінна быць прыярытэтам зьнешняй палітыкі аб’яднанае Эўропы.


Сёньня дзейнасьць Польшчы і Эўразьвязу адносна Беларусі мусіць ісьці перш за ўсё ў двух кірунках: падтрымка незалежных мэдыяў, перш за ўсё тэлеканалу «Белсат», «Радыё Рацыя» і найбольш папулярных незалежных інтэрнэт-парталаў, і фармаваньне шырокай будучай праэўрапейскай эліты.


Інвэстыцыі ў людзей і сыстэму іх каштоўнасьцяў расьцягваюцца на гады, патрабуюць цярпеньня і пасьлядоўна рэалізаваных доўгатэрміновых дзяржаўных праграмаў. Аднак гэтыя інвэстыцыі даюць найбольшую дабаўленую вартасьць – яны ствараюць клімат бясьпекі, разуменьня і жаданьне супрацоўнічаць.

Польшча шмат гадоў падтрымлівае адукацыйныя праекты, накіраваныя на Беларусь і беларусаў. Адна з іх – праграма польскага ўраду імя Каліноўскага для адлічаных па палітычных матывах беларускіх студэнтаў, якая паўстала яшчэ ў 2006 годзе. Акрамя таго, ужо два гады дзейнічае Вольны Беларускі Ўнівэрсытэт, задачай якога зьяўляецца стварэньне трансгранічнай інклюзыўнай эўрапейскай плятформы электроннага навучаньня для беларусаў, на аснове якой ў будучыні плянуецца трансфармаваць у беларускі лічбавы ўнівэрсытэт. Стратэгічнай мэтай гэтага праекту з’яўляецца падрыхтоўка кадраў для будучага кіраваньня дэмакратычнай беларускай дзяржавай, заснаваная на патэнцыяле заходніх унівэрсытэтаў, з улікам досьведу рэформаў у Польшчы і іншых новых краінах-сябрах Эўразвязу, з выкарыстаньнем сучасных тэхналёгіяў навучаньня.


Нягледзячы на вайну і жорсткія рэпрэсіі ў Беларусі, грамадзянская супольнасьць краіны рыхтуецца да правядзеньня структурных пераменаў.

Мы ў сацыяльных сетках

Выніковая анкета

Выніковая анкета

Апытанне пра дзейнасць ВБЎ

Адказаць на пытанні

Каляндар форума

Падзей не знойдзена

Каляндар падзеяў

Усе навіны і падзеі

Пытанні і адказы

  • Выпускнікі нашых праграмаў могуць падаваць заяўкі на чарговыя курсы ад ВБЎ?

    Можна падаваць заяўкі на неабмежаваную колькасць курсаў. Паспяховыя выпуснікі ВБЎ маюць перавагу пры рэкрутацыі на чарговыя курсы.

  • Ці можна ананімна браць удзел у занятках?

    Падчас заняткаў дазволена не пісаць сваё сапраўднае імя, але для больш зручнай камунікацыі пажадана ўключэнне камеры. Пры выразнай просьбе пра ананімнасць студэнта будуць зроблены неабходныя захады, для яе захавання.

  • Які фармат навучання?

    Заняткі адбываюцца анлайн на платформе LMS Moodle ВБЎ або на платформах партнёрскіх універсітэтаў. З часам будзе выкарыстоўвацца і змешаны фармат навучання (“blended learning”) – сучаснае дыстанцыйнае выкладанне плюс сесііі і стажыроўкі ў ЕС.

  • Ці магчыма прайсці ў ВБЎ перападрыхтоўку былым выкладчыкам беларускіх ВНУ, якія згубілі працу ў краіне ў выніку рэпрэсій?

    ВБУ прадастаўляе магчымасць беларускім рэпрэсаваным выкладчыкам захавацца ў прафесіі і працягнуць акадэмічную кар’еру з дапамогай аксэлерацыных праграм педагагічнага дызайну.