Сёння мы ўзгадаем Станіслава Шушкевіча – выбітнага палітычнага і грамадскага дзеяча, першага кіраўніка незалежнай Беларусі і аднаго з заснавальнікаў Вольнага Беларускага Ўніверсітэта.
Ён нарадзіўся 15 снежня 1934 года, і ў гэты дзень варта нагадаць яго жыццёвы шлях, прынцыповасць і вялікую ролю ў станаўленні дэмакратычнай Беларусі.
Станіслаў Шушкевіч увайшоў у гісторыю як адзін з архітэктараў незалежнасці Беларусі. Ён стаў адным з трох падпісантаў Белавежскіх пагадненняў у снежні 1991 года, якія паклалі канец існаванню Савецкага Саюза і абвясцілі Беларусь незалежнай дзяржавай. Гэта быў ключавы момант у нашай гісторыі, калі Беларусь упершыню зрабіла свой выбар на карысць самастойнасці і свабоды. Ён быў чалавекам дэмакратычных перакананняў, які верыў у будучыню сваёй краіны як незалежнай і еўрапейскай дзяржавы.
Шушкевіч быў не толькі палітычным лідарам, але і выбітным навукоўцам, які дасягнуў поспехаў у фізіцы і педагогіцы. Ён напісаў больш за 150 навуковых прац і выхаваў некалькі пакаленняў студэнтаў. Яго інтэлектуальная спадчына спалучалася з ясным разуменнем каштоўнасцей адукацыі і свабоды думкі.
Станіслаў Шушкевіч быў адным з тых, хто стаяў ля вытокаў Вольнага Беларускага Ўніверсітэта – установы, якая дае магчымасць беларусам атрымліваць адукацыю на аснове каштоўнасцей свабоды, праўды і дэмакратыі. Яго ўдзел у стварэнні ВБЎ стаў лагічным працягам ягонага жыццёвага прынцыпу: веды і адукацыя – ключ да свабоднага грамадства.
Станіслаў Шушкевіч быў чалавекам вялікай маральнай сілы, які ніколі не зракаўся сваіх прынцыпаў, нават у самыя цяжкія часы. Яго жыццёвы шлях – гэта прыклад самаадданасці, мудрасці і непахіснай веры ў дэмакратычную будучыню Беларусі.
Светлая памяць чалавеку, які верыў у свабоду і адукацыю як аснову новага грамадства!