Перамога каласальная здарылася ў 2020, ніхто яе не чакаў
Канцлер Вольнага Беларускага Ўніверсітэту прафесар Аляксандр Мілінкевіч падчас дыскусіі ў Тыкоціне на фестывалі «Крэсы — Безкрэсы» падкрэсліў: галоўныя перамены для Беларусі адбыліся ў свядомасці людзей.
«Калісьці ў Беларусі была толькі меншасць праеўрапейская і прабеларуская. У 2020 годзе ўпершыню большасць стала праеўрапейскай і прабеларускай. Людзі выходзілі не за заробкі, а за свабоду, праўду і выбары, на якіх можна самім вызначаць будучыню сваёй краіны і сваіх дзяцей. Гэта — тое, на чым трымаецца ўся Еўропа».
Мілінкевіч прызнаў, што шматгадовая барацьба суправаджалася рэпрэсіямі, знікненнямі апанентаў і атмасферай страху, але нават у гэтых умовах беларусы не страцілі галоўнага:
«Жаданне быць самімі сабой у беларусаў ніколі не знікала. 2020 год паказаў — мы сталі нацыяй. Гэта каласальная перамога, якой ніхто не чакаў, і яна ўжо змяніла Беларусь».
Асобна ён звярнуў увагу на розніцу паміж сітуацыяй у Беларусі і Расеі. Калі расійскае грамадства паступова рухалася ў бок аўтарытарызму і ксенафобіі, то беларусы, нягледзячы на цяжкасці з фармаваннем нацыянальнай ідэнтычнасці, здолелі ў пераломны момант адчуць сябе еўрапейскім народам.
Канцлер ВБЎ адзначыў, што наперадзе — новыя выклікі: неабходнасць захавання адзінства, развіцця нацыянальнай ідэі і падрыхтоўкі да адраджэння Беларусі ў еўрапейскай прасторы.
Поўны тэкст размовы даступны па спасылцы: https://racyja.com/by/palityka/peramoha-kalasalnaja-zdarylasja-u-2020-nichto-jae-ne-cakau/