Пра асобу і спадчыну народнага пісьменьніка разважае Аляксандар Мілінкевіч, навукоўца, палітык, заснавальнік і каардынатар прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава.
2024-ы — год Васіля Быкава. 19 чэрвеня — 100-годзьдзе пісьменьніка, якім можа ганарыцца кожны беларус. Пра сустрэчы і размовы зь ім, пра тое, які сьлед пакінулі ягоныя кнігі ў асабістых лёсах і лёсе ўсяго народу, у праекце Свабоды «Наш Быкаў» узгадваюць і разважаюць сябры, паплечнікі, чытачы.
Мой шлях у дэмакратыю, як і для большасьці беларусаў 80-х гадоў, быў зьвязаны з гарбачоўскай перабудовай. Непаўторнае пачуцьцё свабоды слова ў таталітарнай імпэрыі натхняла многіх на ўтварэньне, як тады казалі, «нефармальных аб’яднаньняў». У Горадні самай папулярнай недзяржаўнай арганізацыяй быў «Клюб аматараў гісторыі і культуры роднага краю», які пазьней стаў вядомай на ўсю краіну «Паходняй».
- Сакратарыят газэты «Гродненская праўда»: Мікалай Аўчараў, Васіль Быкаў, Андрэй Салаўёў, Аляксандар Кіркевіч. Горадня, 1949
Суполка аб’ядноўвала навукоўцаў, літаратараў, мастакоў, музыкантаў, студэнтаў. Яе сябры аднаўлялі сьвяткаваньні Купальля, Дзядоў і Калядаў, сядзібы знакамітых беларусаў, арганізоўвалі нацыянальныя фэстывалі, адрадзілі старадаўні горадзенскі ратушны гадзіньнік, стварылі хор царкоўнай песьні, баранілі ад зьнішчэньня помнікі архітэктуры, праводзілі сустрэчы з выбітнымі асобамі.
Прэзыдэнтам клюбу быў мой сябра і настаўнік у краязнаўстве, знакаміты прафэсар Міхась Ткачоў, вядомы археоляг, адзін з тройкі першых сустаршыняў грамадзкага руху БНФ «Адраджэньне» (разам з Зянонам Пазьняком і прафэсарам Юрыем Хадыкам). Я актыўна ўдзельнічаў у дзейнасьці гэтага сапраўды народнага руху, які ў нашым горадзе аб’яднаў большасьць дэмакратаў. На пачатку незалежнасьці краіны гэтае аб’яднаньне стане сапраўдным інкубатарам новых дэмакратычных партый і арганізацый.
На пахаваньні Міхаіла Дубянецкага. За сьцягам Леанід Дранько-Майсюк, з кветкамі Васіль Быкаў, з партрэтам Пётар Стэфановіч, справа Міхась Ткачоў.
Для нас было вялікім натхненьнем і моцнай падтрымкай тое, што ў той складаны час жорсткага супрацьстаяньня новага са старым беларускі нацыянальны дэмакратычны рух адназначна і рашуча падтрымаў сам Васіль Быкаў. Ён стаў адным з сузаснавальнікаў руху БНФ «Адраджэньне», увайшоў у склад ініцыятывы «Мартыралёг Беларусі» і быў выбраны дэпутатам апошняга Вярхоўнага Савету СССР.
Для мяне асабіста прыход нашага знакамітага пісьменьніка ў вялікую палітыку быў знакавым, у многім вырашальным. Васіль Быкаў, Герой сацыялістычнай працы, ляўрэат Дзяржаўнай і Ленінскай прэмій СССР, ардэнаносец, адназначна стаў на бок дэмакратычнай апазыцыі. І нібы ўлада прыняла яго, нягледзячы на дысыдэнцтва і шматгадовыя абвінавачваньні з боку партыйных ідэолягаў у ачарненьні савецкага ладу ў яго бескампраміснай прозе. Але ён рашуча зрабіў гэты крок і затым ня раз даказаў, што гэта быў сьвядомы выбар. Менавіта пасьля далучэньня Васіля Быкава да нас, дэмакратаў, я пачаў адчуваць, што «перестройка» ня можа скончыцца толькі тым жа самым «сацыялізмам, але ўжо з чалавечым тварам», як плянавалі яе знакамітыя ініцыятары на чале з Гарбачовым. Калі такі сапраўдны патрыёт і грамадзянін, воін праўды і Народны пісьменьнік Беларусі быў на нашым баку, то для мяне і маіх сяброў стала зразумела, што нашай мэтай мусіць быць дэмакратызацыя старой палітычнай сыстэмы, адраджэньне беларускай нацыі, а затым і дзяржаўная незалежнасьць.
Прыватны музэй Васіля Быкава ў Горадні. Архіўнае фота
У мае школьныя і студэнцкія часы Васіль Быкаў, які пражыў у Горадні 25 гадоў, бываў у нас дома, і я памятаў пра гэтыя хатнія сустрэчы, але доўгі час амаль ня ведаў пра зьмест размоваў, якія падчас іх адбываліся.
Тата і мама былі «заходнікамі», кола іх знаёмых у савецкія часы не было шырокім, найчасьцей гэта нешматлікая даваенная горадзенская інтэлігенцыя, якую цудам не саслалі на ўсход «за першымі і другімі Саветамі», як у нас казалі. Найчасьцей бываў у нас даўні бацькаў сябра па настаўніцкай сэмінарыі, заслужаны настаўнік Беларусі Апанас Цыхун, выдатны краязнаўца, паэт і фальклярыст. Я прыгадаў мамін расповед з майго дзяцінства: «Дзядуля, скажы, а якія Саветы былі лепшыя, першыя, ці другія? — Вядома, першыя. — А чаму? — Бо хутка сышлі».
Мой тата скончыў Горадзенскую настаўніцкую сэмінарыю, а матуля — Горадзенскую жаночую прафэсійную школу і атрымала дыплём настаўніцы дамаводзтва. Бацька пазьней стаў яшчэ выпускніком Варшаўскага ўнівэрсытэту і да пачатку вайны працаваў выкладчыкам геаграфіі і чарчэньня ў элітным варшаўскім ліцэі № 1. Адначасова яны былі бурсістамі і выхавальнікамі ў дзіцячым прытулку «Наш дом» на варшаўскіх Бялянах, дзе ўдзельнічалі ў пэдагагічных экспэрымэнтах пад кіраўніцтвам выбітнага пэдагога і пісьменьніка Януша Корчака. Пасьля вайны тата працаваў больш за 20 гадоў дырэктарам сапраўды наватарскай школы № 1 у Горадні, адной з найлепшых у той час у Беларусі.
Прыватны музэй Васіля Быкава ў Горадні. Архіўнае фота
У канцы 80-х я ня раз распытваў бацькоў пра сямейныя лёсы, падзеі і людзей зь іх жыцьця. На мае просьбы тата расказваў і пра яго горадзенскія сустрэчы з Васілём Быкавым. Іх зьвязвалі таварыскія пачуцьці, блізкасьць поглядаў на мінулае і сучаснасьць, яднала перажываньне за лёс краіны, — адным словам, тое, што сёньня назвалі б грамадзянскай адказнасьцю. Тата быў апантаным краязнаўцам і меў цудоўную калекцыю горадзенскіх паштовак, старадаўніх гравюр і вялікую бібліятэку гістарычнай літаратуры. Ён ня раз на просьбу пісьменьніка паказваў яму свае зборы і апавядаў гісторыю каралеўскага горада. Тату было вельмі важна, што яны са спадаром Васілём разумелі з паўслова адзін аднаго, калі гаворка заходзіла пра неабходнасьць захаваньня беларускай мовы і культуры, аднаўленьня нацыянальнай ідэнтычнасьці і гістарычнай праўды.
У іх не было зямляцкай роднасьці, бо адзін «усходнік», другі «заходнік», але была роднасьць душаў, прынцыпаў і поглядаў. Вялікая розьніца ва ўзросьце — шаснаццаць гадоў — не ўплывала на іхныя стасункі, і розны досьвед жыцьця не аддаляў, а хутчэй наадварот. Салдату вайны і настаўніку ліхалецьця было важна пагаварыць, «зьверыць гадзіньнікі», узмацніць надзею. Быкаўская праўда з акопу была для бацькі часта падобнай і да яго асабістай праўды жыцьця пад бальшавікамі і ў час нацысцкай акупацыі. (Майго тату, «антысавецкага інтэлігента ў капелюшы», двойчы вадзілі на расстрэл энкавэдысты, што «вызвалілі» Заходнюю Беларусь, а трохі пазьней усю нашу сям’ю — тату, маму і майго 4-гадовага тады брата ўжо нацысцкія акупанты ўзялі ў якасьці закладнікаў і прыгаварылі да расстрэлу за забойства пад Горадняй нямецкага афіцэра. І кожны раз проста цудам яны заставаліся ў жывых).
Тата лічыў, што яны са спадаром Васілём былі пакаленьнем надзеі хрушчоўскай адлігі пасьля разьвянчаньня культу асобы Сталіна, але кантроль органаў і партыйных ідэолягаў яшчэ доўгі час адчувалі. Таму найчасьцей размаўлялі ў нас ня дома, а на лаўцы на падворку, якая захавалася да сёньня пад дзедаўскім домам. Тата вельмі ганарыўся гэтымі прыяцельскімі адносінамі зь вялікім беларусам і ня раз адзначаў, што славуты пісьменьнік быў вельмі людзкі, спакойны, разважлівы і мудры, меў надзвычай пранікнёныя вочы і добрае пачуцьцё гумару, умеў слухаць і спачуваць.
Васіль Быкаў з курсантамі ваеннай вучэльні, Менск, 1984
У 1990 годзе грамадзянскі прыклад Васіля Быкава адыграў значную ролю і ў маім лёсе. У час выбараў у Вярхоўны Савет БССР 1990 году вялікі сход выкладчыкаў і студэнтаў Горадзенскага ўнівэрсытэту насуперак рашэньню парткаму КПБ вылучыў мяне кандыдатам у дэпутаты беларускага парлямэнту. Мы правялі бурную агітацыйную кампанію, галоўнымі ў якой былі студэнты, і ня толькі майго фізфаку, але і гісторыкі, філёлягі, матэматыкі. Пераканаўча выйгралі першы тур, потым другі, але я не прайшоў у Вярхоўны Савет ХІІ скліканьня, бо набраў 49,8% галасоў, а трэба было паводле тагачаснага закону мець больш за палову.
Ня давялося мне стаць дэпутатам беларускай Незалежнасьці. Але палітыка мяне не адпускала. Адначасова праходзілі выбары гарадзкіх уладаў. Дарэчы, ня ўсе сёньня ведаюць — у той час, пад канец існаваньня СССР, у нас праводзіліся ўжо сапраўдныя выбары, на якіх лічылі галасы і дэмакраты часоў перабудовы былі без праблемаў сябрамі выбарчых камісій. І мясцовая ўлада ў краіне была фактычна мясцовым самакіраваньнем. Яшчэ, можа, не ідэальным, але сапраўдным. Гарадзкая ўлада магла не падпарадкоўвацца ў шэрагу пытаньняў Савету Міністраў, а павінна была служыць тым, хто яе выбраў. У Горадні тады выбралі новага дэмакратычнага мэра Сямёна Домаша, у будучыні кіраўніка вобласьці і падпісанта імпічмэнту Аляксандру Лукашэнку. І ён запрасіў мяне на размову з прапановай стаць яго намесьнікам са словамі: «Я і мае намесьнікі — усе сябры КПСС, і нам вельмі важна стварыць кааліцыйны ўрад у Горадні, таму прапануем заняць гэтую пасаду вам як вядомаму ў горадзе дэмакрату». Вядомым я стаў перш за ўсё таму, што ўсю перабудову ад 1985 году вёў на Горадзенскім абласным тэлебачаньні аўтарскую праграму «Па старых вулках Горадні», якая была вельмі папулярнай. Я, калі шчыра, ня вельмі хацеў ісьці ва ўладу, бо ня меў досьведу і не зусім ведаў, як гэта робіцца. Плюс моцна любіў сваю працу, сваіх студэнтаў, і яны адказвалі мне ўзаемнасьцю. Але мяне ўгаворвалі ўсе мае сябры-дэмакраты, што час такі — Адраджэньне, Беларусь вяртаецца ў Беларусь! Мусіш, гэта твая місія, твая грамадзянская адказнасьць. Я параіўся з бацькам маім, і ягоныя словы былі вельмі важнымі для мяне, пэўна, вырашальнымі. Ён тады сказаў: «Канешне, ты ў першую чаргу акадэмічны выкладчык і, калі пажадаеш, зможаш вярнуцца да сямейнай прафэсіі настаўніка. Але бываюць моманты, калі мусіш адказаць сабе на пытаньне, як гэта зрабіў у палітыцы і Васіль Быкаў, пра якога ты мяне распытваў: хто, калі ня я?». Не шкадую, што паслухаў голас таты, горадзенцаў і свой уласны. Пройдзены вялікі і цікавы шлях, за які ня сорамна. А сёньня я сапраўды зноў працую са студэнтамі і вельмі шчасьлівы гэтым.
Менск, Кастрычніцкая плошча, 2006
Была ў маім жыцьці яшчэ адна завочная сустрэча з Васілём Быкавым. У 2006 годзе на Плошчу ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў з пратэстам супраць фальсыфікацый вышлі больш за 30 тысяч беларусаў зь лёзунгамі — «Свабода, праўда, справядлівасьць» і «Верым, можам, пераможам», пад бела-чырвона-белымі і эўрапейскімі сьцягамі. Людзі перамаглі страх, нягледзячы на сталыя рэальныя пагрозы з экранаў тэлевізараў галоўных сілавікоў дзяржавы пра тое, што кожны, хто выйдзе на пратэст, будзе разглядацца як тэрарыст. За што ў нас, як вядома, «вплоть до высшей меры». Амаль тыдзень увесь сьвет бачыў на сваіх экранах у цэнтры Менску пратэставы намётавы гарадок, які ўрэшце быў жорстка разагнаны АМАПам. Пасьля гэтых падзеяў палітыкі цывілізаванага сьвету больш ужо ніколі ў нас не пыталіся, ці хочуць беларусы свабоды і ці гатовыя яны вярнуцца ў Эўропу.
Як праява традыцый польскай «Салідарнасьці» была распачата Праграма імя Кастуся Каліноўскага для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў і паўстала беларуская тэлевізія «Белсат», якія дзейнічаюць і сёньня. У тым жа годзе я атрымаў прэмію імя Андрэя Сахарава Эўрапарлямэнту «За свабоду думкі». Я выдатна разумеў, што гэтая ганаровая ўзнагарода ня толькі і ня столькі мне, колькі тым тысячам і тысячам беларусаў, якія многія гады адстойвалі і адстойваюць дэмакратыю і правы чалавека на сваёй зямлі. Мы раіліся спачатку з маёю жонкаю, старшынёй Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць» Інай Кулей, потым і зь вядомымі лідэрамі дэмакратычнага руху, і вырашылі, што выкарыстаем атрыманыя фінансавыя сродкі на заснаваньне аналягічнай беларускай прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава, якая прызначалася б асобам, якія праявілі сябе грамадзкай і творчай дзейнасьцю на карысьць Беларусі і свабоды. З 2008-га па 2018 год прэмія ўручалася штогод на радзіме пісьменьніка ў вёсцы Бычкі на Віцебшчыне. Ляўрэатамі сталі 15 выдатных беларусаў.
Сёлета мы плянуем аднавіць прысуджэньне прэміі, на жаль, пакуль што за межамі краіны.
Васіль Быкаў і ягоная бескампрамісная праўда застаюцца назаўсёды з тымі, хто адстойвае сваю годнасьць.
Крыніца - https://www.svaboda.org/a/32996062.html