19 чэрвеня 2024 года адзначаецца 100 гадоў з дня нараджэння вялікага беларускага пісьменніка Васіля Быкава. Гэта нагода яшчэ раз узгадаць пра яго жыццёвы шлях, унёсак у беларускую літаратуру і грамадскае жыццё, а таксама прэмію "За свабоду думкі", заснаваную ў яго гонар.
Жыццёвы шлях і творчасць Васіля Быкава
Васіль Уладзіміравіч Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі Ўшацкага раёну Віцебскай вобласці. Яшчэ ў маладосці ён выявіў талент да мастацтва і паступіў у Віцебскую мастацкую вучэльню. Аднак яго юнацкія планы перарвала вайна, і ў 18 гадоў ён пайшоў на фронт падчас Другой сусветнай вайны. Вайну скончыў у Аўстрыі ў 1945 годзе, будучы двойчы параненым.
З 1947 года Васіль Быкаў працаваў мастаком у Гродне, дзе з 1956 па 1972 год быў супрацоўнікам газеты "Гродзенская праўда". У перыяд з 1972 па 1978 год займаў пасаду сакратара Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР.
Менавіта ў Гродне Васіль Быкаў напісаў свае найбольш вядомыя творы: "Жураўліны крык", "Трэцяя ракета", "Пастка", "Альпійская балада", "Мёртвым не баліць", "Сотнікаў", "Абеліск", "Дажыць да світання", "Воўчая зграя", "Круглянскі мост", "Пайсці і не вярнуцца". Яго творы з'яўляюцца класікай беларускай літаратуры і перакладзены на многія мовы свету.
Васіль Быкаў быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР і быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і народным дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР. Герой Сацыялістычнай працы, старшыня Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", сябра Саюза пісьменнікаў СССР, Народны пісьменнік БССР. Бескампраміснасць і сумленнасць яго прозы пастаянна станавілася прычынай нападаў савецкай крытыкі, якая абвінавачвала яго ў ачарненні савецкага ладу.
Васіль Быкаў памёр у 2003 годзе і быў пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.
Прэмія "За свабоду думкі" імя Васіля Быкава
У гонар Васіля Быкава і яго вялікага ўнёску ў беларускую літаратуру і дэмакратычны рух у 2008 годзе была заснаваная прэмія "За свабоду думкі". Гэта прэмія штогод уручалася на радзіме пісьменніка ў вёсцы Бычкі на Віцебшчыне.
Ідэя прэміі ўзнікла пасля таго, як Аляксандр Мілінкевіч атрымаў у 2006 годзе Прэмію ім. А.Сахарава Еўрапарламенту "За свабоду думкі". Гэтая міжнародная ўзнагарода стала крыніцай і фінансавым фундаментам для заснавання аналагічнай беларускай прэміі, якая адзначае асобы, што праявілі сябе грамадскай і творчай дзейнасцю на карысць Беларусі і свабоды.
Лаўрэаты прэміі
Лаўрэатамі прэміі "За свабоду думкі" імя Васіля Быкава ў розныя гады станавіліся:
- Паэты і пісьменнікі: Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Уладзімер Арлоў, Уладзімер Някляеў.
- Літаратары і грамадскія дзеячы: Павал Севярынец.
- Мастакі: Алесь Пушкін, Алесь Марачкін.
- Краязнаўцы: Ада Райчонак, Алесь Белакоз.
- Музыкі і выканаўцы: Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч, бард і актор Віктар Шалкевіч.
- Рэжысёр: Валер Мазынскі.
- Грамадскі дзеяч: Зьміцер Дашкевіч.
- Журналіст: Глеб Лабадзенка.
Аляксандр Мілінкевіч пра Васіля Быкава
Аляксандр Мілінкевіч у адным з інтэрв’ю адзначыў: “Васіль Быкаў і яго бескампрамісная праўда застаюцца назаўсёды з тымі, хто адстойвае сваю годнасць”.
Гэтыя словы найлепш адлюстроўваюць велічыню і значнасць Васіля Быкава для беларускай нацыі і культуры. Яго жыццё і творчасць былі і застаюцца маяком для ўсіх, хто змагаецца за свабоду, дэмакратыю і права на годнае жыццё.
Вольны Беларускі Ўніверсітэт ганарыцца магчымасцю шанаваць гісторыю і спадчыну вялікага беларускага пісьменніка Васіля Быкава, а таксама падтрымліваць і развіваць яго ідэі праз прэмію "За свабоду думкі". Далучайцеся да нашых ініцыятываў і будзьце часткай руху за свабодную і дэмакратычную Беларусь.