Филин працягвае гутарыць з экс-кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Мілінкевічам. Гэтым разам мы абмеркавалі пагрозу ўзнікнення новай «жалезнай заслоны».
— Былы ўкраінскі пасол Ігар Кізім выказвае перасцярогу, што ён можа стаць апошнім амбасадарам Украіны ў Беларусі, бо хуткасць інтэграцыйных працэсаў ставіць будучыню беларускага суверэнітэту пад вялікую пагрозу. Ці падзяляеце вы такія трывогі?
— Сапраўды, гэта выклікае вялікую трывогу. Залежнасць рэжыму Лукашэнкі ад Масквы татальная і ўвесь час узрастае. Якім будзе наш лёс, вырашыцца ў значнай ступені па выніках дзікай імперскай вайны Крамля.
Перамогуць украінцы, у ва што я цвёрда веру, адыдзе Пуцін і ў Беларусі з’явіцца вакно магчымасцяў на перамены. Калі б замарозіўся канфлікт, або яшчэ горш, выйграла б Масква, нас бы чакалі змрочныя часы.
Пагроза анексіі па-ранейшаму існуе. Крэмль у любы час можа вырашыць, што раз ва Украіне справы не вельмі, дзеля рэйтынгу, асабліва перад чарговымі выбарамі, Пуціну можа спатрэбіцца новая здабыча, чарговая тэрыторыя для драпежнай імперыі. Такой каменсацыяй для Пуціна і лекам для грамадства, можа стаць Беларусь.
Пагроза існуе, і мы павінны пра гэта памятаць. Хаця я лічу, што пакуль Маскве выгадней выкарыстоўваць нашу фармальна незалежную краіну як плацдарм для пагроз і правакацый супраць Захаду.
Сёння нам вельмі важна заручыцца падтрымкай дэмакратычных краінаў — перш за ўсё еўрапейскіх і Злучаных Штатаў. Неабходна дэманстраваць, што 2020-ы не быў выпадковасцю, што мы працягваем змагацца.
Грамадзянская супольнасць у Беларусі непублічна, падпольна, я гэта ведаю, працягвае дзейнічаць, наколькі гэта магчыма ў сённяшніх умовах палітыкі ўнутранага тэрору. Адначасова і ў замежжы вялікая колькасць беларусаў адстойвае сваё права жыць цывілізавана ў дэмакратычнай вольнай Беларусі.
І тое, што наша грамадзянская супольнасць дэманструе такую волю да барацьбы за сваю краіну, гэта вельмі важна. Надзвычай важна і тое, што прэзідэнт-элект Святлана Ціханоўская, якая застаецца адзіным легітымным прадстаўніком беларускага народа ў вачах цывілізаванага свету, ажыццяўляе візіты і сустрэчы на самым высокім узроўні з кіраўнікамі дзяржаваў.
І паўсюдна кажа, што мы ёсць, не зніклі і хочам быць незалежнымі і свабоднымі. Таксама і Дэкларацыя пра еўрапейскі выбар, пра які было заяўлена на канферэнцыі «Новая Беларусь», ёсць дэманстрацыяй нашай супольнай волі.
Нам неабходна, каб беларусаў не шкадавалі і спачувалі ім, а каб у іх верылі. Мы ў стане прайсці трансфармацыю хутчэй і якасней, чым нашы суседзі ва Усходняй Еўропе, і стаць донарам бяспекі ў рэгіёне.
Падтрымка шырокай сусветнай супольнасці пасля сканчэння вайны, будзе вырашальнай для беларускай незалежнасці, якая патрэбна і нам, і суседзям.
Ведаеце, што вельмі важнае для нас канчаткова змянілася у часе крывавай бессэнсоўнай агрэсіі?
Калі я на працягу 10 гадоў ездзіў пасля нашых выбараў 2006 года у Брусэль і іншыя сталіцы на самыя высокія публічныя і закрытыя сустрэчы, саміты, форумы, то ў той час нам вельмі настойліва казалі: «Ведаеце, канешне, добра, што вы падзяляеце дэмакратычныя каштоўнасці. Але вы знаходзіцеся ў зоне ўплыву і інтэрэсаў Крамля. Не трэба яго дражніць. Вы мусіце з імі знайсці паразуменне. Яны таксама хочуць дэмакратызавацца, лепш, каб вы гэта рабілі разам».
На нашыя стрыманыя пярэчанні, што пуцінаўская Расія ёсць і будзе ваяўнічай імперыяй, якая пагражае незалежнасці краінаў рэгіёна, мы разам з палітыкамі Польшчы і Балтыйскіх дзяржаваў стала чулі папрокі, што мы ніяк не можам пазбавіцца ад посткаланіальных комплексаў і фобій, нам казалі: «Расія ўжо не тая, а вы жывеце мінулым».
Цяпер такіх палітыкаў больш не засталося ў Еўропе. Я шчаслівы, што нашаму прэзідэнту Святлане Ціханоўскай не прыходзіцца стала даказываць, што Беларусь — гэта не Расія, што мы — еўрапейцы і хочам вернуцца ў сваю сям’ю.
Сёння ў цывілізаваным свеце разумеюць, што не павінна быць такога беларускага анклава з таталітарным рэжымам, скіраванага ў бок Захаду. Беларусь мае стаць дэмакратычнай краінай. І ў гэтым інтарэс аб’яднанай Еўропы і ЗША.
Таму нашае становішча хоць і складанае, няпростае, але ўсё ж такі шанцы на свабоду ў нас вялікія. І яны непараўнальна большыя, чым да 2020 года.
Нават вайна, якая ставіць пад пагрозу многае, таксама выхоўвае беларусаў. Яны будуць больш цаніць незалежнасць, права жыць у сваім доме. Што праўда, кошты гэтай навукі вельмі высокія.
Так, складаны час, шмат выпрабаванняў. Мы за год праходзім тое, што раней за пяць і за дзесяць гадоў маглі не прайсці. Час прыспешаны, акселераваны.
Я аптымістычна гляджу на стратэгічную перспектыву. А сёння мы, канечне, шчыра жадаем перамогі братам-украінцам, перамогі абсалютнага дабра над абсалютным злом.
— Так, натуральна, Захад і нашыя суседзі найхутчэй зацікаўленыя ў дэмакратычнай Беларусі. Але сёння мы маем тое, што Літва і Польшча ўсё часцей агучваюць планы па закрыцці мяжы з намі.
Некаторыя эксперты кажуць, што гэта можа быць вынікам не толькі ўласна сітуацыі ў Беларусі, але і выбарчымі кампаніямі ў суседзяў.
Тым не менш, наколькі высокія шансы ў беларусаў праз тры дзесяцігоддзі апынуцца ізноў за жалезнай заслонай?
— Давайце мы скажам сабе шчыра, што еўрапейскія палітыкі абіраюцца сваімі грамадзянамі. Адпаведна, яны павінны служыць свайму народу і забяспечваць найперш яму бяспеку, дабрабыт і стабільнае жыццё. Адносіны з намі заўсёды будуць другасныя. Гэта справядліва. Як і наш урад у дэмакратычнай будучыні перш за ўсё будзе клапаціцца пра беларусаў.
Чаму нашы суседзі не маюць права закрыць на ключ ад нас дзверы свайго дома, калі ў нас тысячы чужынцаў-«вагнэраўцаў» невядома з якой мэтай знаходзяцца? Увесь свет ведае, што гэта галаварэзы і ваенныя злачынцы, якія шмат гадоў удзельнічаюць у крывавых канфліктах у Сірыі, у афрыканскіх краінах, ва Украіне.
Яны зараз вучаць нашых салдатаў і афіцэраў як ваяваць. Паводле ўласных метадаў, з кувалдай у руках. Ваяваць з кім? Вам гэта падабаецца?.. Вось і суседзям таксама.
Рэжым парушыў міжнародныя дамовы і прыцягнуў да нас ядзерную зброю. Хочуць запусціць ракеты? А ў адказ што — не прыляціць? Плюс аванцюры з мігрантамі з дапамогай беларускіх памежнікаў, каб палякам і літоўцам псаваць жыццё.
Суседзі маюць права бараніцца ад агрэсараў, дыверсантаў і правакатараў.
Канешне, гэта было б вельмі кепска для нашых людзей, калі б паміж маім Гродна і Беластокам вырасла новая берлінска сцяна. Я заўсёды быў за тое, каб санкцыямі і ізаляцыяй караць вінаватых, што зрабілі нашу дзяржаву суагрэсарам вайны, а не простых грамадзян.
Не лічу, што мы маем калектыўную віну за тое, што зараз адбываецца з нашай краінай, але калектыўную адказнасць нясем.
Ніхто з суседзяў ніколі б не ізаляваў дабрасуседскую, дэмакратычную, вольную краіну.
Калі Беларусь стане такой, яе будуць цаніць і паважаць, яна будзе надзейным і пажаданым партнёрам, і безумоўна, атрымае і безвіз, як роўная сярод роўных.
Маю надзею, што закрыццё межаў з Еўразвязам не адбудзецца, але такія захады натуральныя, асабліва ў час вайны.
Матэрыял узяты з сайту "Салідарнасць"