Accessibility Tools

Skip to main content
Навіны
26 August 2026
Далучайцеся

У Варшаве развіталіся з Аляксандрам Мілінкевічам

26 August 2026

22 жніўня ў Варшаве прайшло развітанне з Аляксандрам Мілінкевічам — палітыкам, навукоўцам, грамадскім дзеячам, адным з сімвалаў дэмакратычнай Беларусі, ініцыятарам і Канцлерам Вольнага Беларускага Ўніверсітэта.

У Архікатэдры Святога Яна Хрысціцеля на развітанне з Аляксандрам сабраліся сотні беларусаў, палякаў і прадстаўнікоў іншых народаў і дзяржаў — родныя, сябры, паплечнікі, студэнты, прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці, польскіх уладаў, дыпламаты і прадстаўнікі міжнароднай супольнасці.

Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі пасмяротна ўручыў беларускаму дзеячу Аляксандру Мілінкевічу Афіцэрскі крыж ордэна «За заслугі перад Рэспублікай Польшча».

Аляксандр Мілінкевіч быў адзначаны «за выбітныя заслугі ў дзейнасці на карысць палякаў у Беларусі, за дасягненні ў папулярызацыі дэмакратычных каштоўнасцяў, а таксама за заангажаванне ў будаванні грамадзянскай супольнасці». Узнагароду атрымала жонка палітыка Іна Кулей.

У лісце да ўдзельнікаў жалобнай цырымоніі Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі выказаў надзею, што прыйдзе дзень, калі «вольная, дэмакратычная Беларусь аддасць Аляксандру Мілінкевічу належнае месца ў гістарычнай памяці свайго народа».

Пасля Святой Імшы Аляксандра Мілінкевіча пахавалі на Вайсковых могілках на Павонзках у Варшаве — адным з самых ганаровых месцаў пахавання ў Польшчы, дзе спачываюць выдатныя дзяржаўныя дзеячы, ваенныя, грамадскія і культурныя постаці краіны.

У гэты дзень пра Аляксандра шмат гаварылі — не толькі як пра палітыка, але найперш як пра чалавека.

«Ён быў тым палітыкам, за якога ніколі не было сорамна, на якога хацелася раўняцца», — сказала прэзідэнт-элект Беларусі спадарыня Святлана Ціханоўская. Яна ўзгадала яго рэдкую здольнасць аб’ядноўваць людзей, слухаць і чуць іншых.

«Ён жыў Беларуссю. Ён дыхаў Беларуссю».

Святлана Ціханоўская нагадала, што для многіх беларусаў Аляксандр Мілінкевіч быў увасабленнем іншай Беларусі — годнай, адказнай, еўрапейскай.

Сябра Аляксандра, польскі сенатар Роберт Тышкевіч, назваў яго «ліхтарнікам, які пільнуе агонь свабоды Беларусі».

Франак Вячорка, галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай, згадваў Мілінкевіча як «чалавека, які заўжды быў побач» — дапамагаў парадай, удзелам і падтрымкай.

А словы самой Іны Кулей, сказаныя напярэдадні пахавання, сёння гучаць асабліва моцна:

«Аляксандр абавязкова вернецца на радзіму, дадому. Надыдзе час».

Для Вольнага Беларускага Ўніверсітэта гэта асаблівая страта. Аляксандр быў не толькі яго заснавальнікам і Канцлерам. Ён стварыў прастору, у якой беларусы маглі вучыцца, думаць свабодна, спрачацца, шукаць адказы і рыхтавацца будаваць іншую Беларусь.

Разам з болем застаецца і адказнасць — захаваць тое, што ён стварыў, працягнуць тое, у што ён верыў, і перадаць наступным пакаленням яго веру ў свабодную, дэмакратычную і еўрапейскую Беларусь.

Яго няма з намі. Але справа, якой ён прысвяціў жыццё, працягваецца.

І настане час, калі Аляксандр Мілінкевіч сапраўды вернецца дадому — у свабодную Беларусь, у гістарычную памяць свайго народа.

Светлая памяць, спадар Аляксандр.

 

[Фота Белсат і Радыё Свабода]