Вольны Беларускі Ўніверсітэт абвяшчае набор на курс «Інтэграцыйныя працэсы ды інстытуцыі Эўрапейскага зьвязу».
Выкладчык - магістр Алесь Лагвінец (Aleś Łahviniec).
- Прыём заявак працягваецца да 13.05.2024 (23:59:59 CET).
- Навучанне на курсе бясплатнае.
У рамках курсу вывучаюцца інтэграцыйныя працэсы ды інстытуцыі Эўразьвязу. Асноўная мэта курсу – прадставіць дэталёвую карціну палітычных працэсаў і асноўных палітык Эўразьвязу, паказаць асноўныя мадэлі і характэрныя рысы эвалюцыі ЭЗ, разьвіць у слухачоў навыкі аналізу эўрапейскіх інтэграцыйных працэсаў.
Мова выкладання: беларуская з большай часткай матэрыялаў на ангельскай;
Працягласць курсу: 30 акадэмічных гадзінаў;
Фармат правядзення курсу: анлайн на базе Moodle;
Час правядзення заняткаў: 18:30-20:00 CET
Пачатак навучання: 16 мая 2024.
На каго разлічаны курс:
студэнты старэйшых курсаў або маладыя спэцыялісты гуманітарных спэцыяльнасьцяў з (вельмі пажадана) дастатковым узроўнем валоданьня ангельскай мовай.
Апісанне курсу:
У першай частцы курсу разглядаюцца тэарэтычныя падыходы да азначэньня інтэграцыі, гісторыя ўзьнікненьня і разьвіцьця эўрапейскай інтэграцыі, паўставаньне і функцыі асноўных інстытуцыяў ЭЗ.
Другая частка прысьвечаная разгляду абсягу права ЭЗ, стасунку паміж нацыянальным і наднацыянальным правам, а таксама ключавым ды найбольш прасунутым сфэрам інтэграцыі, дзе кампэтэнцыя наднацыянальных органаў найбольшая.
У трэцяй частцы разглядаецца пытаньне глябальнай ролі і зьнешняй палітыкі ЭЗ, а таксама аналізу актуальнага разьвіцьця інтэграцыйных працэсаў у ЭЗ, абумоўленага агрэсіяй Расіі супраць Украіны, наступствам выйсьця Вялікабрытаніі з ЭЗ, а таксама пошукам адказаў на выклікі, зьвязаныя з крызісам прасторы эўра, пандэміяй COVID19, масавай міграцыяй і ростам папулярнасьці ў ЭЗ палітычных сілаў, што ставяць пад пытаньне здабыткі інтэграцыі, а таксама выклікамі. Заключная частка курсу будзе прысьвечаныя гісторыі і актуальным пытаньням ўзаемаадносінаў паміж Беларусьсю і аб’яднанай Эўропай.
Па заканчэнні гэтага курса студэнты змогуць крытычна аналізаваць:
● працэсы эўрапейскай інтэграцыі;
● функцыянаваньне ЭЗ як палітычнай сыстэмы;
● працэс выпрацоўкі палітыкі ЭЗ;
● ролю ЭЗ у сьвеце і ў рэгіёне Ўсходняй Эўропы;
● стан і выклікі дачыненьняў паміж ЭЗ і Беларусьсю.
План заняткаў:
- Дэфініцыі інтэграцыі. Нацыянальны сувэрэнітэт і яго эвалюцыя ў рамках ЭЗ. Мэты і асноўныя рысы інтэграцыі.
- Сьціслая гісторыя эўрапейскай ідэі і перадумоваў эўрапейскай інтэграцыі.
- Асноўныя вехі гісторыі эўрапейскае інтэграцыі.
- Тэарэтычныя падыходы да эўрапейскае інтэграцыі. Фэдэралізм. Функцыяналізм ды нэа-функцыяналізм, трансакцыянізм. Узаемазалежнасьць. Рэалізм. Міжурадавае супрацоўніцтва. Інстытуцыяналізм. Шматузроўневае кіраваньне і самакіраваньне.
- Эўразьвяз як палітычная сыстэма. Функцыянаваньне палітычнае сыстэмы Эўразьвязу: акторы ды інстытуцыі.
- Інстытуцыйны лад і працэс прыняцьця рашэньняў у ЭЗ. Субнацыянальныя, нацыянальныя ды наднацыянальныя акторы. Пытаньне легітымнасьці і грамадзкай падтрымкі эўрапейскай інтэграцыі.
- Праўная сыстэма ЭЗ. Крыніцы супольнасьцёвага права ЭЗ. Абсяг ды сфэры кампэтэнцыі ЭЗ. Стасунак нацыянальнага ды супольнасьцёвага права. Эўрапеізацыя і яе межы.
- Фінансаваньне ЭЗ. Бюджэт ды супольнасьцёвыя палітыкі.
- Эканамічны ды грашовы зьвяз у межах ЭЗ. Этапы эканамічнае інтэграцыі. Эўра і ЦЭБ. Крызіс эўразоны, спробы пабудовы “фіскальнага зьвязу” і пытаньня ўзаемнага прызнаньня дзяржаўных пазыкаў.
- Асноўныя палітыкі ЭЗ. Агульная сельскагаспадарчая палітыка і спробы яе рэфармаваньня. Рэгіянальная/структурная палітыка ў ЭЗ.
- Эўразьвяз у сусьветнай палітыцы. Гандлёвая палітыка. Эўразьвяз як soft power. Супольная замежная палітыка. Пэспэктывы пабудовы “эўрапейскага сувэрэнітэту” ў сфэры бясьпекі і абароны.
- Сёньняшнія выклікі для далейшай інтэграцыі і адказ ЭЗ на крызісы brexit, эўразоны, масавай міграцыі ў ЭЗ, каранавіруса і паўставаньня іншых глябальных цэнтраў сілы і эканамічнага росту.
- Адказ ЭЗ на агрэсію Расеі супраць Украіны. Эўрапейская інтэграцыя Ўкраіны.
- Эўразьвяз ды Беларусь: гісторыя дачыненьняў ды сёньняшні стан. Усходняе партнэрства і Беларусь. Дыялёг ці санкцыі: эўрапейскія пэрспэктывы.
- Заключны тэст.