У віленскім Беларускім доме 28 верасьня палітыка і навукоўца ўзнагародзілі за «асаблівыя заслугі ў папулярызацыі Беларусі і беларушчыны».
Мэдаль «100 гадоў БНР» быў заснаваны Радай БНР у 2018 годзе ў гонар стагодзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, з таго часу ім ушанавалі больш за 130 выбітных дзеячоў Беларусі. Уручаючы ўзнагароду, сакратар Рады БНР доктар Паліна Прысмакова патлумачыла, што гэты мэдаль даецца за «асаблівыя заслугі ў папулярызацыі Беларусі і беларушчыны, а таксама за адданасьць у змаганьні за ідэалы 25 сакавіка. Гэта ўсталяваньне незалежнай, нацыянальнай і дэмакратычнай дзяржавы ў Беларусі».
Пасьля ўручэньня мэдаля Аляксандар Мілінкевіч сказаў, што мае некалькі замежных узнагарод, але ўпершыню атрымлівае беларускую, якая будзе для яго самай каштоўнай.
«Мы любім і цэнім БНР, хоць у кожнага свая ацэнка, але для мяне БНР да сёньняшняга дня застаецца марай — пра народную, дэмакратычную Беларусь, якая зьяўляецца самастойнай краінай, а не правінцыяй Расеі. А мара — гэта як сымбалі, як герб і сьцяг, якія дапамагаюць салдату змагацца. Таму мара дарагога вартая».