ВБЎ абвяшчае пачатак рэалізацыі новага праекту, які павінен дазволіць шматлікім беларускім навукоўцам – аспірантам, кандыдатам і дактарам навук – працягваць сваю навуковую кар’еру ў Польшчы, а таксама ў іншых еўрапейскіх краінах.
Дзеля гэтай мэты ў складзе ВБЎ ствараецца спецыяльны кансультацыйна-арганізацыйны цэнтр з мэтай дапамогі і арганізацыі атрымання польскіх навуковых ступеняў, працаўладкавання, пошуку фінансавання, неабходнага для абароны навуковых працаў і іншых новых магчымасцяў для працягу перапыненых праз рэпрэсіі навуковых кар’ераў.
Польская сістэма вышэйшай адукацыі стварае даволі спрыяльныя ўмовы для беларускіх навукоўцаў, якія хочуць і маюць адпаведныя кваліфікацыі, каб працягваць навуковую кар’еру, перапыненую, альбо знішчаную беларускім рэжымам. Гэтая сістэма, нягледзячы на шматлікія змены ў апошнія гады, захавала ўсе неабходныя крытэрыі, якія дазваляюць беларускім навукоўцам атрымаць польскія навуковыя ступені. Гэтая сістэма ў значнай ступені адпавядае беларускім патрабаванням для асобаў, якія прэтэндуюць на званне доктара (кандыдата навук) і габілітаванага доктара (доктара) навук. Больш таго, у Польшчы можна абараніць доктарскія і габілітацыйныя дысертацыі, напісаныя па-беларуску.
Таму стварэнне спецыяльнага аддзела па навуковых ступенях пры ВБЎ з’яўляецца своечасовым і мэтазгодным. Новы кірунак дзейнасці ВБЎ для навукоўцаў з Беларусі мае быць сталым працэсам, які палегчыць рэлакантам з Беларусі інтэграцыю ў польскае навукова-даследчае асяроддзе.
Асноўным відам дзейнасці падраздзялення ВУБ будзе індывідуальная работа з кожным зацікаўленым у працягу навуковай дзейнасці. Абітурыенты атрымаюць прафесійную кансультацыю каардынатара наконт магчымасці атрымання польскага вучонага звання, будзе выбрана навуковае падраздзяленне, дзе яны змогуць абараніцца, а таксама адбудуцца перамовы з кіраўніцтвам гэтага падраздзялення і членамі адпаведных навуковых саветаў.
У якасці каардынатара цэнтру будзе працаваць вядомы польскі навуковец, гісторык, аўтар дзесяткаў навуковых і навукова-папулярных кніг праф. доктар габілітаваны Мікола Іваноў. Ён берасцеец па сваім паходжанні, ягоныя кваліфікацыя і навуковы аўтарытэт дазваляюць як спрыяць навуковай кар'еры беларусаў, так і даваць прафесійныя кансультацыі патэнцыйным кандыдатам на атрыманне вучоных ступеняў.
У сувязі з планаваным пачаткам дзейнасці новага кансультацыйнага цэнтру ВБЎ абвяшчае рэгістрацыю патэнцыяльных навучэнцаў.
Cпасылка на анкету: https://volny-uni.eu/dlia-belaruskih-navukoucau