X юбілейная міжнародная навуковая канферэнцыя «Polacy na Białorusi»
У Беластоку праходзіць X юбілейная міжнародная навуковая канферэнцыя «Polacy na Białorusi», прысвечаная гісторыі польскай супольнасці ў Беларусі, яе культурнай спадчыне і беларуска-польскім сувязям.
Сустрэча пачалася з хвіліны маўчання ў памяць Аляксандра Мілінкевіча — заснавальніка і шматгадовага канцлера Вольнага Беларускага Ўніверсітэта.
Аляксандр Мілінкевіч шмат зрабіў для развіцця беларуска-польскага дыялогу, захавання агульнай гістарычнай спадчыны і падтрымкі польскай супольнасці ў Беларусі. Ён спрыяў стварэнню польскай школы ў Гародне, займаўся пытаннямі гістарычнай памяці і быў ганаровым сябрам Саюза палякаў на Беларусі.
У канферэнцыі бярэ ўдзел старшыня Рады ВБЎ Алесь Смалянчук — доктар гістарычных навук, прафесар Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук. Ён даследуе гісторыю беларуска-польскіх адносін, нацыянальных рухаў XIX–XX стагоддзяў і гістарычную памяць.

Да юбілейнай канферэнцыі была выдадзена навуковая манаграфія, у якой асобны матэрыял Аляксандру Мілінкевічу і яго спадчыне прысвяціў Ян Маліцкі — польскі гісторык, кіраўнік Цэнтру Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту і стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага.
Падчас адкрыцця таксама было зачытана пасланне Прэзідэнта Польшчы, у якім падкрэслівалася важнасць даследавання агульнай гісторыі нашых народаў і асэнсавання сучасных выклікаў.
Для Вольнага Беларускага Ўніверсітэта асабліва важна, што спадчына Аляксандра Мілінкевіча застаецца часткай навуковага дыялогу, а памяць пра яго аб’ядноўвае беларускую і польскую акадэмічныя супольнасці.
