У сувязі з атакай на ВБЎ з боку спецслужбаў рэжыму Вольны Беларускі Ўніверсітэт заяўляе, што займаецца выключна адукацыйнай дзейнасцю дзеля пашырэння сучасных ведаў пра эканоміку, палітыку, грамадства і гісторыю сярод беларусаў.
У сённяшніх умовах бяспека людзей была і застаецца для нас прыярытэтам нумар адзін. Аднак для яе максімальнага забяспячэння раім беларусам, якія застаюцца на нашай Радзіме або вяртаюцца туды, зрабіць адпаведныя захады, каб зменшыць рызыкі для сябе і адпісацца ад публічных акаўнтаў ВБЎ у сацыяльных сетках (Telegram, Facebook, Instagram, LinkiedIn). Варта выдаліць гісторыю наведвання інфармацыйных рэсурсаў ВБЎ, а таксама паведамленняў у перапісцы ці каментавання/упадабання нашых допісаў.
Нашы курсы былі і застануцца адкрытымі для ўсіх беларусаў добрае волі ва ўсіх краінах пры належных захадах бяспекі і ананімнага ўдзелу.
Цкаванне ВБЎ з боку архаічнага і ўсё больш нямоглага рэжыму не спыніць нас у выкананні нашай місіі па развіцці акадэмічных свабодаў і крытычнага мыслення ў Беларусі, фармаванні еўрапейскіх і нацыянальных каштоўнасцяў у беларусаў.