У пятніцу 16 снежня ў Калоннай залі Варшаўскага ўніверсітэту адбылося ўрачыстае ўручэнне дыпломаў Цэнтру ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Studium Europy Wschodniej UW і ВБЎ беларусам, якія паспяхова скончылі курсы, выкладаныя ў рамках супольнага праекту ВБЎ і SEW, падтрыманага міністэрствам адукацыі і навукі Польшчы.
Да прысутных звярнуліся Канцлер ВБЎ Аляксандр Мілінкевіч, Дырэктар SEW Ян Маліцкі, Старшыня Фонду міжнароднай салідарнасці Рафал Дзенцялоўскі і Амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.
Выступоўцы павіталі выпуснікоў курсаў, якія змаглі асабіста далучыцца да вечарыны. У гэтым семестры праграму “Самакіраванне” праф. Паўла Свяневіча паспяхова прайшлі 14 беларусаў, курс “Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у ХІХ і ХХ стст.” праф. Сяргея Токця – 20, курс “Гісторыя Беларусі ў еўрапейскім кантэксце” праф. Алесья Краўцэвіча – 34, курс “Mini MPA — Уводзіны ў менеджмент дзяржаўных установаў“ праф. Паліны Прысмаковай цалкам прашлі 21 асоба, плюс 4 слухачы.
Аляксандр Мілінкевіч шчыра падзякваў польскім партнёрам за няспынную падтрымку адукацыйных ініцыятываў для беларусаў і адзначыў прыярытэты далей працы па падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў для дэмакратычнай Беларусі. У выступах была падкрэсленай важнасць пашырэння ведаў пра трансфармацыю ў краінах Цэнтральнай Еўропы і ўзмацненне беларускай еўрапейскай саматоеснасці. Польшча гатовая дзяліцца сваім лепшым досведам і шчыра зычыць не паўтараць яе памылак, а вучыцца на іх, падкрэсліў на заключэнне Амбасадар Міхальскі.