Агулам 268 удзельнікаў (204 анлайн, 64 афлайн) узялі ўдзел 25 лістапада ў варшаўскай імпрэзе для маладых беларусаў, якія мараць вучыцца за мяжой.
Фінансаваная ЕС праграма EU NEIGHBOURS east і пляцоўка adu.place запрасілі экспертаў і прадстаўнікоў універсітэтаў, каб распавесці пра магчымасці атрымання адукацыі за мяжой і пракансультаваць маладых беларусаў адносна выбару адукацыйнай сцяжыны або пошуку магчымасцяў для прафесійнага росту.
“Мы перакананыя, што доступ да якаснай адукацыі з’яўляецца асновай паспяховай будучыні, а актыўны ўдзел у імпрэзе і ўвага да матэрыялаў, прадстаўленых удзельнікамі, пацвярджае гэта перакананне”, – адзначыла Кацярына Буніна, галоўны рэдактар пляцоўкі adu.place. “Цікавасць і рэакцыя людзей паказваюць, што адукацыя для іх – гэта не проста адна з тэмаў, а рэальная неабходнасць. Маладыя людзі – гэта будучыня, і для нас важна паказаць ім існуючыя магчымасці, адкрыць для іх свет і дапамагчы ім стаць прафесіяналамі”.
Падчас імпрэзы прадстаўнікі праектаў EU4Belarus, EU4Youth і Social Camp распавялі пра наяўныя магчымасці для прафесійнага развіцця і нэтворкінгу. Каледж Еўропы, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт і Вольны беларускі ўніверсітэт падзяліліся інфармацыяй пра тое, дзе маладыя людзі могуць знайсці фінансаванне для навучання ў ЕС і як далучыцца да іх акадэмічных праграмаў.
Adu.place і Паслы еўрапейскай моладзі (YEAs) распавялі, як шукаць магчымасці і да каго звяртацца па параду.
“‘Адукацыя – стыль жыцця” – такім быў дэвіз імпрэзы ADU_Talks, арганізаванай праграмай EU NEIGHBOURS east для беларускай моладзі”, – пакрэсліў Пасол еўрапейскай моладзі Усевалад Лагун. “Было прыемна бачыць, што магчымасці для атрымання адукацыі і наладжвання сувязяў у ЕС па-ранейшаму вельмі запатрабаваныя маладымі беларусамі, і мы – Паслы еўрапейскай моладзі – знаходзімся побач, каб дапамагчы ім даведацца больш”.
Еўрапейскі корпус салідарнасці, MOST і Erasmus+ , а таксама выпускнікі гэтых праграмаў таксама ўзялі ўдзел у імпрэзе (анлайн і афлайн), каб падзяліцца сваім досведам, як падарожнічаць па Еўропе і ўдзельнічаць у валанцёрскай дзейнасці, нават калі ў вас няма грошай.
Запіс гэтай імпрэзы даступны на Youtube.