Вечарам 19 снежня 2023 падчас аднаго з анлайн-заняткаў Вольнага Беларускага Ўніверсітэту сярод 19 слухачоў з’явілася непажаданая асоба, якая злоўжыла доступам да сесіі ў Zoom і запусціла правакацыйны відэа зварот ад імя прадстаўніка спецслужбаў Беларусі, ганебны па зместу і неадэкватны па форме. У гэтай сувязі занятак быў спынены.
ВБЎ з дапамогай лічбавых адукацыйных тэхналогіяў прапаноўвае беларусам па ўсім свеце магчымасць назапасіць сучасныя веды і развіць перадавыя прафесійныя кампетэнцыі ў сферы мэнэджменту, эканомікі, права, палітыкі, сацыялогіі, гісторыі і лідарства дзеля іх выкарыстання пры рэфармаванні беларускага грамадства і дзяржавы. ВБЎ выкарыстоўвае еўрапейскі досвед трансфармацыі і дзейнічае ў цесным супрацоўніцтве з вядомымі партнёрскімі ўніверсітэтамі пры падтрымцы ўрадаў краінаў ЕС і Еўрапейскай камісіі. Але мы таксама разумеем, што няма нацыі без вышэйшай адукацыі на роднай мове. Таму больш за 60% нашых курсаў выкладаецца па-беларуску.
Па ўсім свеце, эфектыўная ўніверсытэцкая адукацыя, асабліва ў пералічаных сферах, прадугледжвае вольнае абмеркаванне, актыўны ўдзел і крытычнае мысленне ўдзельнікаў. Мы адкрыта абвяшчаем наборы на нашыя навучальныя праграмы і запрашаем усіх ахвотных беларусаў далучацца на конкурснай аснове да абраных курсаў.
Зважаючы на сітуацыю ў Беларусі, мы стварылі пэўныя ўмовы для захавання ананімнасці ўдзельнікаў курсаў. Наш рэгламент прадугледжвае захаванне ананімнасці, на занятках можна не ўключаць камеру, а таксама можна замяніць сапраўднае імя і прозвішча на нік у наладах Zoom. Тое ж самае датычыцца рэгістрацыі на пляцоўцы Moodle - можна выкарыстоўваць нік замест сапраўднага імя. Запіс ўдзельнікаў на курсы адбываецца праз адміністратара, мы просім выкарыстоўваць e-mail, пазначаны ў заяўцы, каб мы маглі верыфікаваць кандыдата і пацвердзіць яго рэгістрацыю. Пры выразнай просьбе пра ананімнасць студэнта будуць зроблены неабходныя дадатковыя захады, для яе захавання.
Адначасова тыя, хто адчувае сябе ў бяспецы, могуць адкрыта ўдзельнічаць у занятках і сустрэчах, з сапраўдным імем і выкарыстоўваць відэа.
Дэманстрацыйныя спробы спецслужбістаў нібы “ўламацца” ў наш адкрыты акадэмічны працэс не маюць сэнсу, а іх дзеянні не маюць нічога агульнага з абаронай нацыянальнай бяспекі.
Мы будзем працягваць нашу стратэгічную дзейнасць для беларусаў і Беларусі, прымаючы адпаведныя захады, каб забяспечваць бяспеку ўдзельнікаў і змяншэнне рызыкаў для ўдзельнікаў нашых праграмаў.